Logo Polskiego Radia
Print

Не хапае работнікаў у будаўніцтве

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 22.05.2018 15:55
  • 22.05.18_пульс эканомікі.mp3
Польскія будаўнічыя фірмы шукаюць работнікаў у Беларусі і на Ўкраіне.
foto:pixabay.com

Будаўнічыя фірмы дайшлі да сьценкі сваіх вытворчых магчымасьцяў. Таму таксама пайшлі ўверх цэны ў гэтым сэктары.

Паводле дадзеных Галоўнага ўпраўленьня статыстыкі, у красавіку рост будаўнічай галіны зафіксаваны на ўзроўні 19,7% у параўнаньні зь мінулым годам. Гэта добры вынік, аднак эканамісты чакалі 25%. Спрыяла гэтаму добрае надвор’е і большая, чым летась у красавіку, колькасьць працоўных дзён.

Эканамісты ацэньваюць, што будаўнікі не змаглі дасягнуць лепшага выніку з-за кадравых праблем. Проста на рынку працы большая запатрабаванасьць на работнікаў, чым колькасьць ахвотных працаваць на будовах. Польскія будаўнічыя фірмы шукаюць работнікаў у Беларусі і на Ўкраіне. Аднак гэта таксама не вырашае праблемы. Назіраецца вялікая цякучасьць кадраў. Польскія працадаўцы наракаюць на сумленнасьць, руплівасьць, адказнасьць і наогул культуру працы працаўнікоў з-за ўсходняй мяжы. Зразумела, што гэта не заканамернасьць і ня тычыцца ўсіх, бо, напрыклад добрыя ўкраінскія будатрады маюць графік працы запоўнены на некалькі месяцаў наперад.

Зь недахопам работнікаў будаўнічай галіны зьвязаны рост цэн будаўнічых паслуг. Паводле экспэртаў, у параўнаньні з красавіком мінулага году кошт будаўнічых паслуг вырас як мінімум на 4,5%.

Нягледзячы на тое, што зьніжэньне тэмпа росту будаўнічага сэктара можа непакоіць, то, на думку экспэртаў, пакуль што яно не павінна сур’ёзна прытармозіць эканамічны рост дзяржавы. Чакаецца, што ВУП за другі квартал 2018 году складзе 4,3-4,5%.

яс

У далучаным файле эфірны выпуск перадачы "Пульс польскай эканомікі"

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт