Варшава патрабуе ад Расеі кампэнсацыю на суму больш за 16 млн злотых (прыкладна 3,5 млн эўра). Паводле сталічных уладаў, столькі належыць за тое, што Пасольства РФ займае два будынкі на вуліцы Бабравецкай(Bobrowiecka) і Кялецкай(Kielecka) у Варшаве без заключэньня неабходнай дамовы.
10 кастрычніка Акруговы суд у Варшаве адтэрмінаваў працэс па гэтай справе на студзень 2017 году.
Як заявіў судзьдзя Павел Пызё(Paweł Pyzio), неабходна вырашыць праблему са спосабам перадачы позву й дадатковых дакумэнтаў расейскаму боку.
Расейская Фэдэрацыя карыстаецца ў Польшчы больш за дзесяцьцю будынкамі, у тым ліку, у Варшаве. Частка аб'ектаў мае ўрэгуляваны юрыдычны статус - зьяўляюцца ўласнасьцю Расеі, альбо Расея арандуе іх на падставе дзеючых дамоваў.
Аднак, паводле польскага боку, часткай будынкаў расейцы карыстаюцца без дзеючых пагадненьняў. За гэтыя будынкі гарадзкія ўлады Варшаве й Гданьска многія гады налічваюць аплаты й заклікаюць Расею да выплаты належных сродкаў. У сувязі з адсутнасьцю рэакцыі расейцаў ім давялося выйсьці на шлях судовых працэдур.
Акрамя вышэй апісанай справы ў судзе разглядаецца яшчэ адна - па пытаньні будынка па вуліцы Сабескага(Sobieskiego). Польскі бок патрабуе, каб расейцы пакінулі будынак і заплацілі некалькі мільёнаў злотых за яго арэнду.
Ва ўсіх працэсах праблемай зьяўляецца дастаўка позваў Расейскай Фэдэрацыі.
Паводле двухбаковых пагадненьняў паміж Польшчай і Расеяй з 1996 году пра юрыдычную дапамогу, на якія абапіраюцца суды, дакумэнты спачатку павінны быць накіраваныя прысяжнаму перакладчыку, а пазьней - расейскаму Міністэрству юстыцыі, адтуль яны павінны паступіць у адпаведны орган, які займаецца замежнай нерухомай маёмасьцю Расейскай Фэдэрацыі.
Пытаньне ўласнасьці й аплатаў за будынкі дыпляматычных прадстаўніцтваў ужо працяглы час зьяўляецца прычынай спрэчак паміж Польшчай і Расеяй.
У 2015 годзе Арбітражны суд Пецярбурга й Ленінградзкай вобласьці загадаў Генэральнаму консульству Польшчы пакінуць нерухомасьці на тэрыторыі Расеі й выплаціць доўг за арэнду ў памеры 74,3 мільёнаў рублёў. Суд таксама выдаў пастанову, якая дазваляе правесьці працэдуру высяленьня.
Аднак польскі бок не прызнае рашэньня расейскага суду. Палякі лічаць, што яго рашэньне не адпавядае міжнароднаму праву.
PAP/IAR/аз