Польскія турмы неадпаведныя для сэрбскіх генэралаў?
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
04.11.2014 13:08
Варшаўскі суд разглядае, ці сэрбскія генэралы Лукіч і Лазарэвіч могуць адбываць у Польшчы пакараньне за ваенныя злачынствы.
Варшаўскі абласны суд разглядае, ці сэрбскія генэралы Срэтэн Лукіч і Ўладзімір Лазарэвіч могуць адбываць у Польшчы пакараньне за ваенныя злачынствы, учыненыя супраць альбанцаў у Косава.
У справе генэрала Лазарэвіча судзьдзя вырашыў прасіць суд у Гаазе інфармацыю пра стан яго здароўя. Гэта таму, што на думку пракурора Мікалая Петшака, зьвесткі аб стане здароўя асуджанага супярэчлівыя. Іншыя ўяўляе суд, іншыя прад’явіў адвакат. На думку пракурора, гэта важна таму, што польскія пэнітэцыярныя ўстановы не ў стане забясьпечыць адэкватную мэдыцынскую апеку асуджаным.
Нагадаем, на пачатку гэтага году Лукіч быў прысуджаны да 20 гадоў пазбаўленьня волі, а Лазарэвіч - да 14 гадоў за злачынствы супраць чалавечнасьці, учыненыя ў дачыненьні да альбанскага насельніцтва Косава ў 1998-99 гадах. Калі польскі суд пагадзіўся б на адбываньне пакараньня ў Польшчы, спачатку ён павінен дапасаваць прысуды да польскай рэчаіснасьці.
Калі суд вырашыць, што гэта непрымальна, гэта будзе канчатковае рашэньне, а калі пагодзіцца, то канчатковае рашэньне будзе пакінута на меркаваньне міністра юстыцыі.
яс