Logo Polskiego Radia
Print

Чаму пераблыталі целы ахвяраў ?

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 28.09.2012 14:40
Асноўнай прычынай замены целаў была памылка сем’яў, - лічыць генпракурор Анджэй Сэрэмэт.

/

Памылковае апазнаньне целаў ахвяраў сем’ямі было галоўнай прычынай замены ў трунах цела Анны Валентынавіч і іншых ахвяр авіякатастрофы пад Смаленскам, - тлумачыў учора ў парлямэнце генэральны пракурор Польшчы Анджэй Сэрэмэт, - паведамляе „Gazeta Wyborcza”.

Генэральны пракурор выступіў перад дэпутатамі падчас дэбатаў на тэму памылак, зьдзейсьненых у Маскве ў працэсе апазнаньня целаў ахвяраў авіякатастрофы прэзыдэнцкага самалёта пад Смаленскам 10 красавіка 2010 году.

Ён тлумачыў, што асноўнае значэньне ў ідэнтыфікацыі целаў мела апазнаньне астанкаў чальцамі сем'яў ды людзей, якія ведалі ахвяр (у тым ліку дзяржаўных служачых).

Такім чынам адбылося апазнаньне 75 целаў ахвяраў катастрофы. Паводле Сэрэмэта, пры гэтым былі прысутныя польскія пракуроры ды судовыя й паліцэйскія экспэрты. Генпракурор заявіў, што цела, палічанае астанкамі вядомай апазыцыянэркі, было знойдзена 11 красавіка ў корпусе самалёта. Цела пазначанае нумарам 21 апазнаў сын Анны Валентыновіч, сьцьвярджаючы, што гэта ягоная маці.

Тое ж самае адбылося ў выпадку цела, абазначанага нумарам 93. Гаворка ідзе пра цела Тэрэзы Валеўскай-Пшыяцюлкоўскай, якое таксама апaзанала й прызнала сям’я.

Калі памылка была заўважана? Паводле генпракурора, першым на сьлед памылкі натрапіў расейскі судова-мэдыцынскі экспэрт, які паведаміў польскую Генпракуратуру. Пра свае сумневы паведаміла таксама сям’я Тэрэзы Валеўскай-Пшыяцюлкоўскай. Гаворка ідзе пра тое, што не згаджалася дата, зьмешчаная на шлюбным кальцы, якое ахвяра мела на пальцы. Пазьней аказаляся, што гэта была дата шлюбу Анны Валентыновіч.

Беручы пад увагу гэтыя сумневы, польскія пракуроры вырашылі 17 верасьня правесьці эксгумацыю, якая канчаткова пацьвердзіла замену целаў. Генэральны пракурор паведаміў пра плянаваныя эксгумацыі чатырох чарговых целаў, у дачыненьні да якіх таксама існуе магчымасьць памылкі.

У выпадку аднаго зь іх памыліцца мог польскі чыноўнік. У выпадку трох астатніх – вінаватыя расейскія службовыя асобы.

Як паведаміў генпракурор, на дадзены момант пад увагу бярэцца магчымасьць дадатковых дзьвюх эксгумацыяў, - інфармуе „Gazeta Wyborcza”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт