Прастытуткі адпомсьцілі сутэнэру?
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
10.02.2012 17:00
Ім не спадабалася, што мужчына забіраў сабе большую частку ганарару й далі на яго паказаньні.
Гомельскаму сутэнэру далі дзевяць гадоў і адзін месяц пазбаўленьня волі.
Суд Савецкага раёна вынес вырак у чацьвер дзявятага лютага.
32-гадовага сутэнэра абвінавацілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: „уцягненьне ў прастытуцыю” й „вымагальніцтва”.
Па інфармацыі сьледзтва, асуджаны цягам трох гадоў падшукваў гамяльчанак, што знаходзіліся ў цяжкім матэрыяльным становішчы. Вывозіў жанчын у кэмпінг за кілямэтар ад Гомля й прапаноўваў кліентам.
За інтымныя паслугі плацілі ад 50 да 70 даляраў ЗША. Большую частку ганарару мужчына забіраў сабе.
Сутэнэр сачыў за тым, каб падначаленых ня білі, арганізоваў працу й нават купляў прэзэрватывы. Але некаторых прастытутак абурыў той факт, што іх бос здымаў фэшэнэбельную кватэру, купляў сабе лікёры й добра апранаўся.
Яны й выдалі ўсю гэту інфармацыю міліцыі. Дзіўна, але гэта пацягнула на дзевяць гадоў пазбаўленьня волі. Некаторыя забойцы атрымоўваюць менш!
Экс-сутэнэр сваю віну падчас суда не прызнаў і склаў касацыйную скаргу ў гарадзкі суд Гомля.
Аляксандр Парошын