Украінскі сьвяшчэньнік пракамэнтаваў выказваньні кіраўніка БПЦ
PR dla Zagranicy
Viktar Korbut
13.01.2019 13:24
Архіепіскап Памфілійскі пракамэнтаваў выказваньне мітрапаліта Паўла, які заявіў, што «дзякуй Богу, у Беларусі імкненьня да аўтакефаліі няма».
Фота: pixabay.com
Былы экзарх Сусьветнага Патрыярха архіепіскап Памфілійскі Данііл (Зялінскі) пракамэнтаваў выказваньне мітрапаліта Менскага і Заслаўскага Паўла, які заявіў, што «дзякуй Богу, у Беларусі імкненьня да аўтакефаліі няма» і што «для Ўкраіны гэта страшная трагедыя», а «калі гэта будзе адбывацца ў Беларусі, то для Беларускай праваслаўнай царквы гэта будзе сьмерць».
Як сказаў архіепіскап Памфілійскі Данііл, «у кожнага народа, які хоча мець сваю праваслаўную царкву, павінна быць права яе засноўваць і прасіць яе прызнаньня іншымі праваслаўнымі цэрквамі». Архіепіскап заклікаў: «Дайце людзям быць свабоднымі і незалежнымі, дайце ім маліцца на сваёй роднай мове. Мяне папракалі ва Ўкраіне, што, маўляў, вы ў Амэрыцы моліцеся на ўкраінскай — на «неблагодатном языке». Які яшчэ «неблагодатный»? Гэта мова, на якой мяне навучыла мама прасіць кавалак хлеба, чаму я ня маю права на ёй маліцца? Чаму Беларусь ня мае права маліцца на сваёй беларускай мове?»
Архіепіскап Памфілійскі Данііл, 47-гадовы герарх Украінскай праваслаўнай царквы ў ЗША, што знаходзіцца ў структуры Сусьветнага Патрыярхата, нарадзіўся на Заходняй Украіне, у Івана-Франкоўску, але ў сярэдзіне 1990-х гадоў зьехаў вучыцца ў ЗША, дзе пражывае да гэтага часу.
Bbc.com/вк