Logo Polskiego Radia
Print

Гарадзенскі актывіст падаў пазоў супраць гарвыканкаму

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 03.12.2018 15:02
Анатоль Мышкевіч спасылаючыся на Канстытуцыю і РБ, запатрабаваў трансьляцыі пасяджэньняў мясцовых дэпутатаў.
www.pixabay.com

У Горадні ў судзе Ленінскага раёна горада пачаліся папярэднія слуханьні па справе грамадзкага актывіста Анатоля Мышкевіча супраць гарвыканкама. Актывіст некалькі месяцаў таму, спасылаючыся на артыкул 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які гарантуе ўсім грамадзянам права на атрыманьне і захоўваньне інфармацыі пра дзейнасьць дзяржаўных органаў, зьвярнуўся ў гарвыканкам з прапановай трансьляцыі пасяджэньняў мясцовых дэпутатаў. Гарвыканкам на прапанову напісаў адмову і цяпер актывіст дайшоў да суда.

«Іх адказ я абскардзіў у аблвыканкаме, які ў сваю чаргу таксама не знайшоў ніякіх парушэньняў у адказе. Я склаў скаргу, падаў яе ў суд, у судовым парадку праходзіла апытаньне асобаў, то бок заяўніка і адказчыкаў. (...) Гарвыканкамам было пададзена прашэньне пра спыненьне справы», - распавёў Радыё Рацыя Анатоль Мышкевіч.

На думку актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ігара Банцара, які прыйшоў на суд падтрымаць актывіста, гэты працэс прыклад таго, што беларускіх чыноўнікаў трэба прымушаць выконваць створанае імі заканадаўства: «Няхай спачатку самі навучацца выконваць тыя законы, якія яны ствараюць. У нас дакладна сказана ў заканадаўстве, дзейнасьць усіх галінаў улады зьяўляецца галоснай і адкрытай. (...) Гэта наводзіць на думку, што ім ёсьць што хаваць»,- лічыць Ігар Банцар.

Папярэдняе слуханьне па працэсу Анатоля Мышкевіча працягнецца 6-га снежня а 14.30 у судзе Ленінскага раёна Горадні. Працэс вядзе суддзя Казімір Сяргей.

racyja.com/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт