Ганна Красуліна падала скаргу на рашэньне пра высылку зь Беларусі
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
28.11.2018 18:02
Рашэньне УУС Маскоўскага раёна Менска аб высылцы Красуліна лічыць «неабгрунтаваным і незаконным».
Актывістка Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ганна Красулінафота: Аб'яднаная грамадзянская партыя
Прэс-сакратар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ганна Красуліна 28 лістапада падала ў ГУУС Менгарвыканкаму скаргу на рашэньне УУС Маскоўскага раёна Менска аб яе высылцы на год зь Беларусі.
Рашэньне аб выдварэньні Красулінай з краіны было прынятае 13 лістапада УУС Маскоўскага раёна Менска ў інтарэсах, як вынікае з дакумэнта, «грамадзкага парадку шляхам добраахвотнага выезду з краіны». Беларусь, у адпаведнасьці з гэтым рашэньнем, яна павінна пакінуць да 30 лістапада.
Нагодай для высылкі сталі тры адміністрацыйныя штрафы: два за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях у 2016 і 2017 гадах і за неаплачаны своечасова праезд у грамадзкім транспарце сёлета.
Штрафы, паведаміла БелаПАН Красуліна, былі своечасова выплачаныя ў бюджэт. Пры гэтым яна адзначыла, што яе скаргі на вынясеньне адміністрацыйных штрафаў знаходзяцца на разглядзе Камітэту ААН па правах чалавека.
Рашэньне УУС Маскоўскага раёна Менска аб высылцы Красуліна лічыць «неабгрунтаваным і незаконным».
У скарзе адзначаецца, што яна зьяўляецца грамадзянкай Расеі, аднак увесь час пражывае ў Беларусі з 2002 году, дзе ў яе жывуць муж, двое дзяцей і бацькі.
Красуліна мяркуе, што яе высылаюць зь Беларусі ў сувязі з яе ўдзелам у вулічных акцыях.
У выпадку незадавальненьня скаргі Красуліна мае намер абскардзіць рашэньне аб высылцы ў судовых інстанцыях.
naviny.by/вс