Logo Polskiego Radia
Print

У інтэрнэце зьбіраюць на прэмію для Альгерда Бахарэвіча

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 21.10.2018 09:26
У Беларусі «шмат выдатных кніг, але недастаткова літаратурных прэмій, якія маглі б падтрымаць аўтараў".
Ілюстрацыйнае фотаІлюстрацыйнае фотафота: Я. Іванюк/radyjo.net

На інтэрнэт-плятформе «Талака» праходзіць кампанія па зборы грошай на чытацкую прэмію для Альгерда Бахарэвіча, аўтара высока ацэненага крытыкамі рамана «Сабакі Эўропы».

Апошняя кніга Бахарэвіча ўяўляе сабою шэсьць гісторый, тым ці іншым чынам зьвязаных паміж сабой. За гэты раман у кастрычніку пісьменьнік уганараваны званьнем ляўрэата II ступені Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца – «за пасьпяховае ўкараненьне эўрапейскай культурнай традыцыі ў беларускі літаратурны працэс».

Праект па зборы сродкаў на чытацкую прэмію для Бахарэвіча на «Талака» ініцыявала перакладчыца Ганна Янкута. У апісаньні праекта яна адзначыла, што ў Беларусі «выходзіць шмат выдатных кніг, але недастаткова літаратурных прэмій, якія маглі б падтрымаць аўтараў і заахвоціць іх да далейшай творчасьці».

«Безумоўна, мы б хацелі, каб літпрэміі фінансаваліся з нашых падаткаў, але пакуль яны ідуць на нешта іншае, мы павінны ўзяць ініцыятыву ва ўласныя рукі, – падкрэсьліла перакладчыца. – У гэтай сытуацыі мы можам паўплываць на літаратурны працэс не толькі шляхам набыцьця новых кніг любімых пісьменьнікаў, але і з дапамогай стварэньня ўласнай чытацкай прэміі ».

На думку Янкуты, першай у гісторыі краіны чытацкай прэміяй трэба ўзнагародзіць менавіта Бахарэвіча за раман «Сабакі Эўропы», паколькі гэтая кніга зьяўляецца «маштабным дасьледаваньнем адваротнага боку рэальнасьці і творам, які задае новую сыстэму каардынатаў сучаснай беларускай літаратуры».

За чатыры дні праект прыцягнуў 845 рублёў зь неабходных 3 тысяч, або 28% заяўленай сумы. Ахвяраваньні ўнесьлі 17 інтэрнэт-карыстальнікаў. Да заканчэньня кампаніі засталося 25 дзён.

паводле Белапан/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт