Logo Polskiego Radia
Print

Касманаўты з 17 краін прыбылі ў Беларусь на касьмічны кангрэс

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 09.09.2018 11:12
9-15 верасьня ў Менску праходзіць 31-ы міжнародны кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касьмічных палётаў (АУКП).
pixabay.com/Public Domain CC0

Больш за 80 касманаўтаў з 17 краін прыехалі ў Беларусь на 31-ы міжнародны кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касьмічных палётаў (АУКП), які пройдзе 9-15 верасьня ў Менску, паведамілі ў прэс-службе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

У нядзелю, 9 верасьня на вул. Касманаўтаў у Менску заплянаваная цырымонія адкрыцьця памятнага знака „Беларусам - героям космасу”, прысьвечанага тром дасьледчыкам, якія нарадзіліся ў Беларусі, - Пятру Клімуку, Уладзіміру Кавалёнку, Алегу Навіцкаму.

Афіцыйная частка кангрэса прысьвечана абмеркаваньню разьвіцьця касьмічных дасьледаваньняў у сьвеце. Цырымонія адкрыцьця кангрэса адбудзецца 10 верасьня ў НВЦ „Белэкспа”. У павільёне разгорнецца экспазыцыя на тэму асваеньня космасу. Госьці змогуць азнаёміцца зь гісторыяй Беларусі, яе посьпехамі ў галіне касьмічных дасьледаваньняў.

Цырымонія ўскладаньня кветак да манумэнта Перамогі заплянавана на 11 верасьня. Дзень супольнасьці пройдзе 12 верасьня.

Касманаўты плянуюць наведаць беларускія школы, унівэрсытэты, інстытуты Нацыянальнай акадэміі навук, Менскае сувораўскае ваеннае вучылішча. Генэральная асамблея асацыяцыі, бізнэс-сэсіі адбудуцца 14 верасьня. Затым удзельнікі кангрэса закладуць у Батанічным садзе Алею касманаўтаў.

Таксама для гасьцей будуць арганізаваны экскурсіі па знакавых мясьцінах Беларусі й культурная праграма.

Асацыяцыя ўдзельнікаў касьмічных палётаў - міжнародная некамэрцыйная арганізацыя, якая аб'ядноўвае касманаўтаў з многіх краін, - створана ў 1985 годзе для абмену вопытам у галіне пілятуемых касьмічных палётаў. Міжнародны кангрэс АУКП штогод зьбірае касманаўтаў, а таксама прадстаўнікоў навукова-дасьледчых устаноў і нацыянальных касьмічных агенцтваў.

belta.by/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт