З нагоды юбілею беларускага плямбіру прайшло сьвята марозіва
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
01.07.2018 13:42
15 тысяч гасьцей атрымалі пашпарты і на адзін дзень сталі «грамадзянамі» «Краіны марозіва».
Ілюстрацыйны здымакwww.pixabay/CC0 Creative Commons
У Менску прайшоў самы маштабны дзень нараджэньня гэтага лета – беларускаму плямбіру споўнілася 80 гадоў. 15 тысяч гасьцей атрымалі пашпарты і на адзін дзень сталі «грамадзянамі» «Краіны марозіва» – тэматычнага парку забаў, які пабудавалі каля «Мінск-Арэны» ў гонар юбілею - паведамляе "Наша Ніва".
Нягледзячы на кепскае надвор'е і толькі 17 градусаў цяпла, за 6 гадзін сьвята госьці зьелі паўтары тоны плямбіру.
Першыя пашпарты «грамадзяне» «салодкай краіны» пачалі атрымліваць яшчэ за 10 хвілін да пачатку фэсту, а гасьцямі сталі ня толькі менчукі. На 3-метровай карце з контурам Рэспублікі Беларусь, на якой наведвальнікі нітачкамі і стужкамі працягвалі маршруты ад сталіцы да сваіх родных гарадоў, зьявіліся Нью-Ёрк, Варкута і Ніжні Ноўгарад.
«Упершыню ў Беларусі плямбір выпусьцілі на нашай фабрыцы 80 гадоў таму. Ён стаў першым марозівам, якое прадавалі ва ўсіх кутках нашай краіны, – распавёў намесьнік дырэктара па маркетынгу брэнду «Белы полюс» Максім Журовіч. – Нам стала цікава, які ён – той самы смак без Е-дабавак. Мы аднавілі на прадпрыемстве аўтэнтычны рэцэпт першага беларускага марозіва. Нам спадабалася, што атрымалася, і нарадзілася ідэя ў гонар юбілею выпусьціць лімітаваную партыю плямбіру без Е-дабавак – «Белага полюса 1938».
Больш за 1000 веласіпэдыстаў і скейтараў наведалі фэст, на сваім экатранспарце. За гэта кожны з іх атрымаў па плямбіры «Белы полюс». Цікава, што дарослыя беларусы выбіралі пераважна эскімо, а маленькія – плямбір у вафэльным «кубачку».
nn.by/нг