Суд прызначыў дату новага разгляду справы Вячаслава Касінерава
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
01.06.2018 16:31
Справа тычыцца ўдзелу актывіста Вячаслава Касінерава ў пікеце „Дэкрыміналізацыя 328”.
pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0
Суд Маскоўскага раёна г. Менска даслаў чарговую позву Вячаславу Касінераву. У ёй гаворыцца, што паўторны разгляд справы аб адміністрацыйным правапарушэньні па ч. 1. арт. 23.34 КаАП у дачыненні да яго адбудзецца 7 чэрвеня ў 16.30 у кабінэце №217.
Справа тычыцца яго ўдзелу ў пікеце „Дэкрыміналізацыя 328”, і была ўжо разгледжаная судзьдзёй Тацьцянай Мотыль 4 красавіка, якая вынесла актывісту пастанову аб штрафе ў 25 базавых велічынь па частцы 3 артыкула 23.34 КаАП (парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў, учыненае паўторна на працягу аднаго году пасьля накладаньня адміністрацыйнага спагнаньня). Аднак, тады судзьдзя не ўлічыла, што прайшло больш за год з апошняга адміністрацыйнага спагнаньня па гэтым артыкуле ў дачыненьні да актывіста.
Менскі гарадзкі суд разглядзеў скаргу Вячаслава Касінерава на такое рашэньні суда Маскоўскага раёна, пастанову адмяніў, а справу адправіў на новы разгляд.
Нагадаем, 2 красавіка на плошчы Незалежнасьці адбыўся пікет за дэкрыміналізацыю артыкула 328 у Крымінальным кодэксе. Актывісты прымеркавалі пікет да пачатку вясновай сэсіі Палаты прадстаўнікоў і накіравалі туды зварот, дзе нагадалі пра неабходнасьць рэформы.
3 красавіка Вячаслава Касінерава затрымалі, і ноч перад судом ён правёў у ізалятары. На наступны дзень адбыўся суд, які пастанавіў аштрафаваць актывіста на 25 базавых велічыняў (612 рублёў 50 капеек).
spring96.org/аз