Беларусу з Гомеля, які ваяваў за ЛНР, далі 2 гады калёніі
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
14.12.2017 15:42
Ён быў прызнаны вінаватым ва ўдзеле ва ўзброеным фармаваньні на тэрыторыі замежнай дзяржавы.
ДанбасAliaksandr Papko/radyjo.net
Беларусу, які ваяваў за самаабвешчаную Луганскую Народную Рэспубліку (ЛРН), далі 2 гады калёніі.
Паводле вэрсіі абвінавачаньня, беларус у канцы лета 2015 году выехаў праз памежны пункт з Расеі ва Ўкраіну. На тэрыторыі ЛНР ён уступіў ва ўзброенае фармаваньне – стаў шарагоўцам казацкага палка. Яму выдалі службовае пасьведчаньне, зброю, форму й ежу. Амаль год беларус удзельнічаў у манэўрах, выконваў гаспадарча-бытавыя ды іншыя задачы. На тэрыторыі ЛНР беларус прабыў да студзеня 2017 года, пэрыядычна выяжджаў у Растоўскую вобласьць Расеі, а затым вырашыў вярнуцца дадому ў Гомель.
Падчас судовага пасяджэньня абвінавачаны не адмаўляў, што быў у казацкім палку, але сьцьвярджаў, што не зьяўляўся вайскоўцам, ня меў агнястрэльнай зброі й ня ўдзельнічаў у ваенных дзеяньнях. Ён запэўніваў, што быў адпраўлены «з гуманітарнай місіяй на тэрыторыю Ўкраіны, падкантрольную ЛНР». Аднак прызнаваў, што ягоныя саслужыўцы з палка ўдзельнічалі ў баявых дзеяньнях.
Гамяльчук ня змог патлумачыць, чаму ў яго службовым пасьведчаньні пазначана прыналежнасьць да падразьдзяленьня ваеннага гарнізона й наяўнасьць у яго агнястрэльнай зброі. У выніку ён быў прызнаны вінаватым ва ўдзеле ва ўзброеным фармаваньні аднаго з супрацьлеглых бакоў на тэрыторыі замежнай дзяржавы.
гомельская праўда/радыё рацыя/вс