Лукашэнка падпісаў указ пра стварэньне сыстэмы відэаназіраньня
PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko
26.05.2017 16:00
Цэнтралізаваная сыстэма відэаманіторынгу будзе аўтаматычна інфармаваць міліцыю пра «парушэньні грамадзкага парадку».
Фотаздымак мае ілюстрацыйны характар.photo:pixabay.com/Creative Commons CC0
25 траўня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №187 «Аб рэспубліканскай сыстэме маніторынгу грамадзкай бясьпекі» – перадае афіцыйнае інфармагенцтва БЕЛТА. Дакумэнт прадугледжвае стварэньне ў Беларусі цэнтралізаванай сыстэмы відэаназіраньня.
Асноўнымі задачамі гэтай сыстэмы называюць «назіраньне за станам грамадзкай бясьпекі ў мэтах забесьпячэньня грамадзкага парадку, прафіляктыкі, выяўленьня, раскрыцьця і спыненьня злачынстваў, іншых правапарушэньняў, а таксама вышуку асобаў, якія іх учынілі».
У сыстэме маніторынгу будуць выкарыстоўваць кампутарныя праграмы, якія аналізуюць відэа, а таксама спэцыяльныя дэтэктары, якія дазваляюць ажыцьцяўляць відэафіксацыю пэўных падзеяў. Плянуецца стварэньне відэаархіву з магчымасьцю пошуку неабходнай інфармацыі.
Цэнтралізаваная сыстэма відэаназіраньня будзе аўтаматычна інфармаваць дзяржаўныя ворганы «пра наступ падзей, якія ўплываюць на грамадзкую бясьпеку». Кіраваць сыстэмай відэаназіраньня будзе Міністэрства ўнутраных справаў.
belta.by/ап