Менскія ўлады дазволілі шэсьце да Лошыцкага яра
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
02.11.2016 16:28
КХП-БНФ правядзе шэсьце 6 лістапада.
Дзяды ў КурапатахPAP/EPA/TATYANA ZENKOVICH
Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт дазволіў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ правесьці 6 лістапада шэсьце да Лошыцкага яра – аднаго з месцаў масавых расстрэлаў у сталінскія часы. Пра гэта БелаПАН паведаміў намесьнік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі.
КХП-БНФ традыцыйна праводзіць гэтае шэсьце праз тыдзень пасьля акцыі «Дзяды» ў Курапатах. Яно таксама прымеркавана да дня памінаньня памерлых, які ў каталіцкай традыцыі адзначаецца 2 лістапада.
Беленькі паведаміў, што заяўка арганізацыі на правядзеньне акцыі разглядалася ў Менгарвыканкаме 31 кастрычніка. У адрозьненьне ад папярэдніх падобных рашэньняў мясцовых уладаў у ёй на гэты раз няма пункта аб аплаце заяўнікамі паслуг міліцыі, хуткай дапамогі й камунальных службаў. «Я накіраваў праект дамовы на безаплатнай аснове на падставе Грамадзянскага кодэкса», – удакладніў Беленькі.
Па словах палітыка, збор удзельнікаў шэсьця пачнецца ў 12.00 на пляцоўцы каля ДК «Лошыцкі». У 12.30 заплянаваны пачатак шэсьця ўздоўж вуліцы Маякоўскага да Лошыцкага яра, дзе да 15.00 заяўлены мітынг.
У мінулым годзе з-за кепскага надворʼя ў шэсьці прынялі ўдзел каля 50 чалавек, у асноўным прадстаўнікі КХП-БНФ.
naviny.by/ав