У Беларусі другі раз плянуюць стварыць трыкатажны холдынг
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
17.10.2016 19:59
На дадзеным этапе вызначаны тры кампаніі, якія могуць увайсьці ў склад новага ўтварэньня.
pixabay.com
Канцэрн «Беллёгпрам» вярнуўся да ідэі трохгадовай даўнасьці – стварыць на базе айчынных вытворцаў трыкатажу холдынг.
У канцэрне «Беллёгпрам» пацьвердзілі «Ежедневнику» намер стварыць новую структуру, у якой будуць абʼяднаныя самыя эфэктыўныя прадпрыемствы трыкатажнай галіны. Як падкрэсьлілі ў канцэрне, часовыя рамкі гэтага працэсу не ўстаноўленыя. «Трыкатажных холдынг не зьяўляецца самамэтай, галоўнае – каб новая структура эфэктыўна функцыянавала», падкрэсьлілі прадстаўнікі «Беллёгпрама».
На дадзеным этапе вызначаны тры кампаніі, якія могуць увайсьці ў склад новага ўтварэньня. Кіруючай кампаніяй холдынгу мяркуецца зрабіць жодзінскі «Сьвітанак».
У канцы верасьня на ім адбыўся пазачарговы сход, на якім акцыянэры кампаніі галасавалі па гэтым пытаньні.
У якасьці іншых удзельнікаў называюцца салігорская «Купалінка» й «Бабруйсктрыкатаж». Але з уключэньнем у холдынг бабруйскай фабрыкі ўзьніклі пэўныя праблемы. Яны заключаюцца ў неабходнасьці ўрэгуляваньня з банкамі пытаньняў па даўгах «Бабруйсктрыкатажа».
Нагадаем, што ў 2013 годзе канцэрн «Беллёгпрам» ужо спрабаваў абʼяднаць трыкатажнікаў у холдынг. Тады «Сьвітанак» таксама павінен быў стаць базавай структурай, а ў холдынг праракалі «Купалінку», Берасьцейскі панчошны камбінат і КІМ. Аднак ідэя не атрымала працягу. У 2013-2014 гадах акцыі Берасьцейскага панчошнага камбіната скупіла гарадзенская кампанія «Контэ Спа» й інтэгравала прадпрыемства ў сваю структуру. У дачыненьні да віцебскага КІМ ў 2015 годзе была распачатая працэдура банкруцтва, прадпрыемства будзе ліквідавана ў 2017 годзе.
tut.by/