Logo Polskiego Radia
Print

Блёгера Матольку пакінулі без капейкі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 05.09.2016 17:49
Здымкаў Антона Матолькі не прызналі творчай дзейнасьцю.
pixabay.com/Creative Commons Public Domain CC0

Судзьдзя Вярхоўнага суда Віктар Коўшун вырашыў, што фотаздымкі блёгера — усё ж не вынік творчай дзейнасьці. Адпаведна, і аўтарскія правы на іх не распаўсюджваюцца. Пазоў Матолькі й патрабаваньні спагнаць з БТ 1 капейку кампэнсацыі не задаволілі. Прадстаўнікоў Белтэлерадыёкампаніі на абвяшчэньні рашэньня суду не было.

Нагадаем, што Антон Матолька пайшоў у суд пасьля таго, як ягоныя фотаздымкі паўночнага зьзяньня паказалі ў навінах на канале „Беларусь 1”. Дазволу на выкарыстаньне фатаграфій у блёгера ніхто не спытаў. А калі Антон напісаў ліст у дырэкцыю Белтэлерадыёкампаніі, то замест выбачэньняў атрымаў адпіску ад Генадзя Давыдзькі, у якой сьцьвярджалася, што „ўсё ў парадку”. Тады Матолька вырашыў судзіцца.

Спачатку ён хацеў спагнаць з БТ больш за 20 мільёнаў „старых” рублёў, аднак потым папрасіў, каб яму сплацілі 1 рубель. Пасьля дэнамінацыі Матолька заявіў, што хоча атрымаць ад тэлекампаніі 1 капейку. Такая невялікая сума зьвязаная з тым, што блёгер лічыць працэс паказальным, і, сьцьвярджае ён, асноўная мэта была не зарабіць, а „нагадаць, што красьці здымкі — нядобра”.

Экспэрт, да якога зьвярнуліся, каб правесьці мастацкую экспэртызу фотаздымкаў, Андрэй Чупрынскі — загадчык кафэдры кінатэлеапэратарства факультэта экранных мастацтваў Беларускай акадэміі мастацтваў — Матолькавы здымкі творчасьцю не прызнаў. Суд не знайшоў прычын не давяраць высновам экспэрта.

Да таго ж, Матолька павінен будзе яшчэ заплаціць Чупрынскаму за яго „экспэртызу” 89 рублёў 40 капеек. Судовую пошліну ў 450 рублёў таксама прыйдзецца аплаціць блёгеру.

У камэнтары Антон Матолька сказаў, што нечаканасьцю рашэньне суда для яго ня стала. „Надзея перамагчы была, але калі на мінулым пасяджэньні пракурор пачала пагаджацца з пазыцыяй БТ, стала зразумела, што шанцаў у нас ня шмат”, — паведаміў блёгер.

Рашэньне суда набыло моц і не можа быць абскарджанае.

nn.by/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт