Лявон Вольскі атрымаў прэмію Freemuse 
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Jolanta  Śmiałowska
                        
                        09.05.2016 15:50
                    
                                 
                
                
                    Беларускі рок-музыка атрымаў у стакгольмскай «вёсцы Эўравізія» прэмію Freemuse Music Awards за выдатную працу дзеля «свабоды музычнага выказваньня».
                
                
                    
                        
Лявон Вольскі атрымаў прэмію Freemuse ФОТА: IÑAKI MARCONI VIA FACEBOOK
                     
                
                
                
               
                
                         Беларускі рок-музыка Лявон Вольскі атрымаў 8 траўня ў стакгольмскай «вёсцы Эўравізія» прэмію Freemuse Music Awards за выдатную працу дзеля «свабоды музычнага выказваньня».
«Беларусь мае пераможца, але ён забаронены ў сваёй краіне, таксама як і папярэдні ўладальнік прэміі Freemuse Рэмі Эсам у яго краіне», - сказаў са сцэны выканаўчы дырэктар Freemuse Оле Рэйтаў адносна жаданьня Стакгольма дадаць да «Эўравізіі» яшчэ адзін аспэкт - гісторыі забароненых музыкаў, паведамляе «Радыё Свабода».
Са сцэны Вольскі выказаў падзяку за ўвагу «да яго сьціплай персоны, музычнай дзейнасьці і барацьбы за дэмакратычныя каштоўнасьці» і асабістую падзяку Рэйтаву за тое, што той езьдзіў на канцэрты Вольскага па ўсёй Эўропе:
«Я хачу, каб вы яшчэ раз зразумелі, што ў Беларусі ёсьць сур'ёзная праблема са свабодай слова, - казаў Лявон Вольскі пад пераклад былога амбасадара Швэцыі ў Беларусі Стэфана Эрыксана. - Я прысьвячаю гэтую прэмію маёй жонцы Ганьне, якая не так даўно нас пакінула, і якая была маім прадусарам, дапамагала мне ў розных праектах у самыя цяжкія часы.»
Разам з уладальнікам прэміі мінулага года, егіпцянінам Рэмі Эсамам Вольскі выканаў на сцэне песьню «Чужы» з сольнага альбома «Грамадазнаўства» 2014 года.
Лявон Вольскі - беларускі рок-музыка. Ён набыў папулярнасьць, будучы лідарам гурту «Мроя», які ў 1994 годзе трансфармаваўся ў «N.R.M.» і за 13 гадоў выпусьціў 8 альбомаў. Сумесныя праекты з удзелам Вольскага - «Народны Альбом» і «Я нарадзіўся тут» - сталі ў Беларусі культавымі.
Акрамя «N.R.M.» Лявон Вольскі сьпяваў і граў у гуртах «Крамбамбуля» і «Zet». Аўтар некалькіх кніг паэзіі.
Пасьля сыходу з «N.R.M.» Лявон Вольскі запісаў тры сольныя альбомы: «Куплеты і прыпевы», «Белая яблыня грому» і «Грамадазнаўства». Цяпер вядзецца краўндфандынгавая кампанія, мэтай якой зьяўляецца выпуск чацьвёртага сольнага альбома музыкі «Грамадазнаўства-2».
svaboda.org/яс