Суд не задаволіў скаргі Алены Танкачовай 
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Anna Zadrożna
                        
                        13.01.2015 16:39
                    
                                 
                
                
                    Такое рашэньне агучыла 13 студзеня судзьдзя Натальля Петух. 
                
                
                    
                        
                     
                
                
                
               
                
                          Суд Першамайскага раёна Менска адмовіў праваабаронцы Алене Танкачовай у задавальненьні скаргі на рашэньне раённага ўпраўленьня ўнутраных спраў аб высылцы яе зь Беларусі. Такое рашэньне агучыла 13 студзеня судзьдзя Натальля Петух.
Нагадаем, 5 лістапада мінулага года УУС Першамайскага раёна прадпісала Танкачовай на працягу месяца пакінуць Беларусь і забараніла ёй наведваць краіну ў найбліжэйшыя тры гады. Падставай для такога рашэньня сталі зафіксаваныя відэакамэрамі факты нязначнага перавышэньня хуткасьці аўтамабілем Танкачовай.
Праваабаронца гэтае рашэньне абскардзіла. Працэс абскарджваньня прадугледжвае прыпыненьне прадпісаньня аб высылцы на тры месяцы - па месяцу на абскарджаньне ў кожнай з прадугледжаных інстанцый. 12 сьнежня праваабаронцы адмовілі ў задавальненьні скаргі ў першай інстанцыі - ГУУС Менгарвыканкама.
Грамадзянка Расеі Алена Танкачова жыве ў Беларусі каля 30 гадоў. На працягу 20 гадоў Танкачова й Цэнтр прававой трансфармацыі, які яна ўзначальвае, аказваюць прафэсійную юрыдычную й экспэртную падтрымку некамэрцыйным арганізацыям Беларусі, а таксама ў сытуацыях з парушэньнямі правоў чалавека.
Грамадзкія актывісты сабралі 7 тысяч подпісаў пад просьбай не высылаць Танкачову з краіны. Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці лічаць дзеяньні ўлад непрапарцыянальнай і палітычна матываванай санкцыяй, зьвязанай з прафэсійнай дзейнасьцю праваабаронцы.
БелаПАН/nn.by/аз