Латвія падтрымлівае ўзмацненьне прысутнасьці ЗША ў Польшчы
PR dla Zagranicy
Viktar Korbut
01.05.2019 13:00
Перагаворы міністраў замежных спраў Польшчы і Латвіі прайшлі ў Варшаве.
Эдгарс Рынкевічс і Яцэк ЧапутовічФота: PAP/Paweł Supernak
Двухбаковыя адносіны, супрацоўніцтва ў рамках ЭЗ і НАТА, шырокае разуменьне бясьпекі, эканамічнае супрацоўніцтва — вось некаторыя тэмы перагавораў міністраў замежных спраў Польшчы і Латвіі, якія прайшлі 30 красавіка ў Варшаве.
Польскі міністар Яцэк Чапутовіч і яго латвійскі калега Эдгарс Рынкевічс запэўнілі, што Польшча і Латвія маюць агульныя інтарэсы ў вышэйназваных галінах.
Яцэк Чапутовіч паведаміў, што адной з тэм, якая абмяркоўвалася з кіраўніком МЗС Латвіі, была ўсходняя палітыка: «Мы маем падобную ацэнку пагроз, Расея зь яе агрэсіўнай палітыкай зьяўляецца галоўнай пагрозай для краін Цэнтральнай Эўропы». Кіраўнік польскай дыпляматыі таксама адзначыў, што сёлета спаўняецца 10 гадоў Усходняму партнэрству, адзначыўшы, што Польшча хоча, каб праграма была «прывабнай формай адносін з нашымі блізкімі суседзямі».
Дарэчы, членам Усходняга партнэрства зьяўляецца Беларусь.
Яцэк Чапутовіч таксама напомніў, што 170 польскіх салдат уваходзяць у склад вайсковага кантынгенту на базе Адажы (Ādaži) у Латвіі. Міністар дадаў, што польскія пілёты патрулююць паветраную прастору Латвіі і іншых краін Балтыі ў рамках апэрацыі Балтыйскай паветранай паліцыі.
Міністар Эдгарс Рынкевічс падзякаваў Польшчы за ваенную прысутнасьць у Латвіі ў рамках НАТА: «Мы падтрымліваем дыялёг паміж Польшчай і ЗША аб узмацненьні амэрыканскай прысутнасьці ў рэгіёне». Латвійскі міністар дадаў, што гэта будзе спрыяць павышэньню ўзроўню бясьпекі ў рэгіёне.
IAR/вк