Logo Polskiego Radia
Print

Шушкевіч: «Мы павінны стаць спачатку беларусамі»

PR dla Zagranicy
Viktar Korbut 25.08.2018 13:05
  • 0825 Дзень Незалежнасьці БССР - 1991.mp3
25 жніўня 1991 года Вярхоўны Савет абвясьціў аб незалежнасьці Беларусі.
Віскулі, 18 сьнежня 1991 г. Зьлева направа: Прэзыдэнт Украіны Леанід Краўчук, Старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч, Прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі Барыс Ельцын, Прэм'ер-міністар Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Кебіч пасьля падпісаньня Пагадненьня аб стварэньні Садружнасьці Незалежных Дзяржаў у Белавескай пушчыВіскулі, 18 сьнежня 1991 г. Зьлева направа: Прэзыдэнт Украіны Леанід Краўчук, Старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч, Прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі Барыс Ельцын, Прэм'ер-міністар Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Кебіч пасьля падпісаньня Пагадненьня аб стварэньні Садружнасьці Незалежных Дзяржаў у Белавескай пушчыФота: Wikimedia.org/Yuriy Ivanov/RIA Novosti/CC BY-SA 3.0

27 ліпеня 1990 г. была прынята Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. 25 жніўня 1991 года Вярхоўны Савет БССР надаў ёй сілу канстытуцыйнага закона. Дэклярацыя захоўвала юрыдычную сілу да 15 сакавіка 1994 года, калі была прынята Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь.

Аднак 25 жніўня ніколі не адзначаўся Дзень Незалежнасьці.

З 1991 да 1996 года Дзень Незалежнасьці сьвяткаваўся ў дату прыняцьця дэклярацыі — 27 ліпеня.

Згодна з дэклярацыяй, Беларусь абвяшчалася сувэрэннай дзяржавай зь дзяржаўнай беларускай мовай.

У адпаведнасьці з дэклярацыяй, на тэрыторыі БССР абвяшчалася вяршэнства Канстытуцыі і законаў БССР.

19 верасьня 1991 года 6-я пазачарговая сэсія Вярхоўнага Савета БССР перайменавала дзяржаву ў Рэспубліку Беларусь. Тады ж “Пагоня” і бела-чырвона-белы сьцяг сталі дзяржаўнымі сымбалямі краіны.

Дэклярацыя
Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, прынятая 27 ліпеня 1990 г.
Фота: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь

Пра значэньне падзей жніўня-верасьня 1991 года ў кантэксьце гісторыі беларускай дзяржаўнасьці разважае тагачасны Старшыня Вярхоўнага Савета БССР Станіслаў Шушкевіч, чый подпіс стаіць пад дакумэнтам аб абвяшчэньні незалежнасьці.

Станіслаў Шушкевіч: Мы ўсё зрабілі разумна, крок за крокам. Каб зацьвердзіць сымбалі, спатрэбілася вельмі цяжкая, вельмі ўдумлівая, пасьлядоўная праца. І калі б нам не хапіла голасу аднаго дэпутата, мы б гэтыя сымбалі не зацьвердзілі. Бо калі б мы ўсё адразу рабілі, то маглі б і першы крок не зацьвердзіць. Мы дзейнічалі правільна, пасьлядоўна і спакойна.

Станіслаў Шушкевіч у той жа час лічыць, што Днём Незалежнасьці Беларусі павінен быць дзень 25 Сакавіка, калі была абвешчана незалежнасьць БНР.

Рыгор Астапеня, заснавальнік Цэнтра новых ідэй, асацыіраваны аналітык Цэнтра Астрагорскага: Мы ўжо прызвычаіліся, што дзень беларускай незалежнасьці — гэта 25 сакавіка, калі была абвешчана незалежнасьць БНР у 1918 г. У Польшчы Дзень Незалежнасьці таксама адзначаецца ў сувязі з падзеямі 1918 г. Тое ж і ў Літве. Многія нацыі шукаюць свае карані ў больш даўніх падзеях.

Ці адбылася беларуская незалежнасьць, якія перашкоды стаяць на шляху яе поўнага ажыцьцяўленьня?

Андрэй Паротнікаў, кіраўнік праекта Belarus Security Blog: Беларускай незалежнасьці пагражаюць унутраныя праблемы, якія не вырашаюцца дзесяцігодзьдзямі. І галоўная з праблем гэта тое, што шараговыя беларусы не адчуваюць сучасную Рэспубліку Беларусь у якасьці сваёй дзяржавы. У нас фактычна адбылася прыватызацыя дзяржавы, якая зьяўляецца прыватнай уласнасьцю аднаго чалавека — Аляксандра Лукашэнкі. А рэшта людзей адсунута і ад вырашэньня надзённых праблем, і ад дзяржаўнага будаўніцтва. І адпаведна, калі яны адсунутыя, то яны не ўсьведамляюць гэту дзяржаву ў якасьці сваёй, яны не гатовы бараніць яе, ахвяроўваць нечым дзеля яе. Вось гэта галоўная пагроза. Але гэта ўнутраная пагроза. Усе нашы праблемы ўнутры Беларусі, яны ня звонку. Зьнешнія ігракі могуць гэтым толькі скарыстацца. Але сама крыніца нашай слабасьці і ўразьлівасьці да зьнешніх пагроз, а таксама вырашэньня гэтых праблем толькі ўнутры Беларусі.

Чаму беларусы не пайшлі шляхам суседзяў — Літвы або Ўкраіны, фарміруючы сваю нацыянальную ідэнтычнасьць і ўмацоўваючы дзяржаўную незалежнасьць? Станіслаў Шушкевіч бачыць у гэтым аб’ектыўныя гістарычныя прычыны.

Станіслаў Шушкевіч: Трэба адрозьніваць стартавыя ўмовы. У Беларусі яны былі непараўнальныя зь Літвой і Ўкраінай. І ва Ўкраіне, і ў Літве палітычныя дзеячы, якія праводзілі палітыку камуністычнай партыі, былі таленавітымі адукаванымі людзьмі, абманутымі той прапагандай (я ня ўтойваю, што многа гадоў таму я таксама, як і мае бацькі, быў прыхільнікамі сацыялістычнага ладу і камуністычнай ідэі). Адрозьнівала Беларусь ад Украіны, Літвы і, напрыклад, Малдовы тое, што там відныя дзеячы былі перш за ўсё літоўцамі, украінцамі, малдаванамі, а пасьля камуністамі. А ў нас было наадварот: яны спачатку былі камуністамі, а потым беларусамі. Яны забыліся на мову, бо ва ўладных структурах яна была непатрэбна. Больш за тое, канцэнтрацыя вайсковых пэнсіянэраў у Беларусі ў 4,7 раза была большай, чым у сярэднім па тэрыторыі СССР. І тут праводзілася прымусовая русіфікацыя, уведзеная ў ранг дзяржаўнай рэспубліканскай палітыкі. Беларусь стала самай вялікай ахвярай антынацыянальнага працэсу. Таму мы павінны стаць спачатку беларусамі, калі мы хочам нацыянальную дзяржаву мець, а пасьля ўжо кім хочаце — хоць і камуністамі, хоць і правымі, левымі, кім хочаш. Але гэта ў нас не адбываецца, ідзе паволі, бо мы не пазбаўляемся расейскіх пут.

Закон
Закон Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі аб новай назьве дзяржавы — Рэспубліка Беларусь, прыняты 19 верасьня 1991 г.
Фота: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь

Рыгор Астапеня лічыць тым галоўным, што адрозьнівае сытуацыю 2018 года ў гісторыі Беларусі ад 1991 года, тое, што хаця ў Рэспубліцы Беларусь захоўваюцца многія рэлікты савецкага часу, аднак лёс краіны вырашае ня Крэмль, а самі беларусы.

Рыгор Астапеня: Беларусь ствараюць беларусы. Гэта беларусы, а ня дзесьці ў Крамлі вырашаюць, у якім стане цяпер знаходзіцца, напрыклад, беларуская мова. Пытаньне ў тым, што дзяржава дагэтуль ня вызначылася са сваімі каштоўнасьцямі, ідэалёгіяй, з тым, чым яна хоча зьяўляцца. У ёй дамінуе вялізная савецкая частка ідэнтычнасьці, каштоўнасьці той эпохі. Аднак мы, па вялікім рахунку, ведаем, што гэтыя каштоўнасьці ўжо паўмёртвыя. Гэта інэрцыя, якая была зададзена калісьці і вось так неяк трымаецца. Беларуская дзяржава сёньня фарміруецца зь вельмі розных фрагмэнтаў. Гэта ўсё мазаічна выглядае і такім яно будзе яшчэ доўгі час.

25 жніўня не зьяўляецца ў Беларусі дзяржаўным сьвятам. Дзень Незалежнасьці з 1997 года адзначаецца 3 ліпеня, у гадавіну вызваленьня Менска ад нацыстаў у 1944 годзе.

Беларусы жывуць у незалежнай дзяржаве з 1991 года, аднак генэалёгію гэтай незалежнасьці адлічваюць з савецкіх часоў.

Дарэчы, Польшча другой у сьвеце, пасьля Ўкраіны, прызнала незалежную Беларусь.

Віктар Корбут

Слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт