Logo Polskiego Radia
Print

Падкамісія Мінабароны Польшчы: прычына катастрофы ТУ-154М – два выбухі

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 11.04.2018 17:05
У Варшаве прадстаўлены даклад па высьвятленьні прычын катастрофы ТУ-154М у 2010 годзе пад Смаленскам.
Антоні Мацярэвіч (справа)Антоні Мацярэвіч (справа)PAP/Paweł Supernak

У Варшаве на адмысловай канфэрэнцыі быў прадстаўлены тэхнічны даклад Падкамісіі Мінабароны Польшчы па высьвятленьні прычын катастрофы польскага ўрадавага лайнэра ТУ-154М 10 красавіка 2010 года пад Смаленскам. Паводле падкамісіі, прычынай катастрофы былі два выбухі ў фюзэляжы самалёту.

На думку членаў падкамісіі, расейскія авіядыспэтчары ў Смаленску па ўзгадненьні з камандуючым ВПС падавалі недакладную навігацыйную інфармацыю польскаму экіпажу самалёта. У выніку зьніжэньне польскага самалёту адбывалася з парушэньнем працэдур і не паводле бясьпечнага курсу. У рапарце падкамісіі таксама гаворыцца, што дысьпетчары дазволілі Ту-154М пасадку, хоць на гэта не дазвалялі ўмовы надвор’я.

За 16 хвілін да катастрофы камандзір экіпажу прыняў рашэньне ісьці на другі круг у выпадку неспрыяльных умоў надвор'я. Неўзабаве пасьля гэтага ў левым крыле самалёта адбыўся выбух, які адарваў яго канец. Гэта адбылося ў момант, калі самалёт знаходзіўся ў 900 мэтрах да ўзлётна-пасадачнай паласы. За 710 мэтраў да паласы пачалі даваць збой паасобныя сыстэмы, у прыватнасьці, левы рухавік і шасі. Затым адбыўся выбух на левым баку фюзеляжа. У гэты момант адбылося поўнае адключэньне электрычнай сыстэмы.

Як доказ выбуху ў самалёце падкамісія падае сярод іншага, элемэнты, раскіданыя сто мэтраў да месца крушэньня, распад самалёта на тысячы частак, раскіданых на вялікай адлегласьці, зьнішчэньне цел ахвяр, і адсутнасьць кратэра ад удару лайнэра аб зямлю.

Старшыня падкамісіі, экс-міністар абароны Антоні Мацярэвіч адзначыў, што прадстаўлены сёньня даклад не зьяўляецца канчатковым. Ён дадаў, што падкамісія ня мела доступу ні да абломкаў, ні да чорных скрынак самалёту, таму выкарыстоўвала ў сваёй працы фотаздымкі, праводзіла тэсты на іншым польскім Ту-154М, а таксама даклад паводле раскопак, праведзеных у Смаленску праз паўгоду пасьля катастрофы.

Члены падкамісіі таксама выкарысталі паказаньні больш за сто сьведак, якія, як сказаў старшыня раней не выкарыстоўваліся, або былі фальсыфікаваныя іншымі камісіямі.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт