Польшча мінімум на 20% скароціць колькасьць віцэ-міністраў
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
05.03.2018 19:02
У чыноўнікаў таксама забяруць службовыя крэдытныя карткі й адменяць прэміі – прэм’ер Маравецкі.
Прэм'ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі падчас прэс-канфэрэнцыіPAP/Paweł Supernak
Прэм'ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі паведаміў пра скарачэньне колькасьці намесьнікаў міністраў, а таксама пра адмену прэмій для членаў ураду. Пра гэта Маравецкі сказаў на прэс-канфэрэнцыі ў Варшаве. Ён падкрэсьліў, што згаданыя зьмены зьяўляюцца часткай працэсу скарачэньня бюракратыі на цэнтральным узроўні.
Паводле прэм’ера, сёньня ў Польшчы 126 чалавек займаюць пасады міністраў, намесьнікаў міністраў, дзяржсакратароў і іх намесьнікаў. Матэвуш Маравецкі зазначыў, што на працягу некалькіх месяцаў урад плянуе гэтую колькасьць скараціць мінімум на 20%.
Прэмʼер-міністар таксама хоча пазбавіць урадавых чыноўнікаў службовых крэдытных карт. Паводле Маравецкага, іх павінны выкарыстоўваць толькі тыя прадстаўнікі ўраду, якія часта выяжджаюць за мяжу ў службовых мэтах.
Рашэньне Матэвуша Маравецкага зьяўляецца вынікам рэзананснай справы, пра якую нядаўна паведамілі СМІ. Аказалася, што ў 2017 годзе тагачасны прэмʼер-міністар Бэата Шыдла налічыла сабе й членам свайго Кабміну высокія прэміі.
Агулам міністры атрымалі ў мінулым годзе ад 65 тыс. да 82 тыс. злотых прэмій і грашовых узнагарод (ад 15 тыс. 550 да 19 тыс. 600 эўра).
вс