Расейскія выбары ператвараюцца ў камічны ў спэктакль, у якім ролю пераможцы прадказальна адыграе Ўладзімер Пуцін. Аднак чарговы, ужо чацьвёрты прэзыдэнцкі тэрмін Пуціна ня будзе спакойным. Так лічыць вядомы расійскі палітоляг Аляксандар Кынеў. Чаму ўдзел у выбарах тэлезоркі Ксеніі Сабчак выгадны расейскім уладам? Зь якім настроем глядзіць у будучыню расійскае грамадзтва? Ці ёсьць плян будучыні ў расійскіх элітаў? На гэтыя тэмы з палітолягам Аляксандрам Кыневым размаўляе Аляксандар Папко.
Спадар Аляксандар, як выглядае ў Расеі палітычная сцэна напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2018 году? Ці можна назваць гэтыя выбары сапраўдным палітычным спаборніцтвам?
Аляксандар Кынеў: Юрыдычна кампанія стартуе толькі ў сьнежні. Пакуль мы назіраем толькі «перадкампанію». Зразумела, што імёнаў многіх асобаў, якія заяўляюць пра свой удзел у выбарах, у бюлетэнях мы не ўбачым. Многія зь іх нават ня будуць зьбіраць подпісы. Навошта людзі ўдзельнічаюць у кампаніі? Напрыклад, Аляксей Навальны працуе на будучыню. Ужо вядома, што яго не зарэгіструюць, бо ён мае судзімасьць. Ён выкарыстоўвае гэтую кампанію як нагоду, каб разбудаваць свае структуры ў рэгіёнах. І ён працуе насамрэч не на 2018 год, а на думскія выбары 2021 і прэзыдэнцкія выбары 2024 году.
Іншыя кандыдаты займаюцца адцягваньнем увагі ад сапраўды важных фігураў. У паліттэхнолягаў ёсьць такі жартаўлівы тэрмін – «Марлезонскі балет». Гэта зьява, калі вялікая колькасьць несур’ёзных кандыдатаў стварае інфармацыйны шум, у якім тоне абмеркаваньне сур’ёзных праблемаў. СМІ больш пішуць пра тое, што сваю кандыдатуру вылучыла порназорка, чым пра тое, што нехта з кандыдатаў сур’ёзна змагаецца з карупцыяй.
Акрамя самараскруткі ці адцягваньня ўвагі ад сапраўдных канкурэнтаў улады, некаторыя кандыдаты могуць удзельнічаць у выбарах з фінансавых прычынаў. Згодна з расейскім заканадаўствам, партыі атрымліваюць фінансаваньне, калі вылучаны імі кандыдат у прэзыдэнты атрымлівае больш за 3% галасоў.
Расейскую прэсу ўзбударажыла інфармацыя пра тое, што тэлежурналістка Ксенія Сабчак заявіла пра жаданьне ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах. Вы неаднаразова крытычна выказваліся наконт пэрспэктываў Сабчак як кандыдаткі. Вы казалі, што яна, у адрозьненьне ад Аляксея Навальнага, не стварае новай большасьці, а яшчэ больш расколвае меншасьць. Чаму вы мяркуеце, што Ксеня Сабчак не зьяўляецца добрым кандыдатам ад дэмакратычных сілаў?
Аляксандар Кынеў: Для вельмі вялікай колькасьці выбарцаў Сабчак – гэта чалавек з багемы, вельмі далёкі ад простых людзей. Яе нэгатыўны рэйтынг надзвычай высокі. У значнай часткі насельніцтва Сабчак асацыюецца зусім не зь лібэральным рухам, а са скандальнымі тэлепраграмамі, кшталту «Дом-2». На мой погляд, удзел Сабчак у выбарах вельмі відавочна ўкладваецца ў сцэнар, выгадны ўладам. Для ўдзелу ў выбарах падбіраецца кандыдат, які мае вельмі высокі антырэйтынг, і таму не ўяўляе небясьпекі для ўладаў.
Аляксей Навальны падчас сваёй агітацыйнай кампаніі падымае тэмы, якія сапраўды блізкія людзям: тэмы карупцыі, несправядлівасьці, парушэньня грамадзянскіх правоў. З тым, што гэтыя тэмы важныя, пагодзіцца абсалютная большасьць грамадзянаў – незалежна ад таго, правыя яны ці левыя. Такім чынам навальны стварае «новую большасьць» вакол рэальна важнай павесткі дня.
У кампаніі Сабчак дамінуюць тэмы, якія з пункту гледжаньня абсалютнай большасьці адносяцца да другога-трэцяга пляну. Напрыклад, пахаваньне Леніна ці абарона правоў сэксуальных меншасьцяў. Гэтыя тэмы таксама важныя, аднак праблема ў тым, што акрамя гэтых тэмаў у яе кампаніі няма нічога. Сабчак вельмі выгадная ўладам, бо яна замыкае апазыцыю ў лібэральным гета. Калі задаць сабе пытаньне, набліжае гэта ці аддаляе дэмакратычную зьмену ўлады ў краіне, то адказ будзе: канешне, аддаляе.
Такім чынам, выбары ў Расеі ператворацца ў шоў, на якім прадказальна пераможа Ўладзімер Пуцін. А якія грамадзкія настроі будуць панаваць пасьля выбараў? Ці ёсьць у грамадзтва бачаньне будучыні?
Аляксандар Кынеў: Грамадзтва пагружанае ў пэсымізм. Людзі ня бачаць будучыні, і гэтая адсутнасьць будучыні вядзе да фрустрацыі. Масавыя акцыі пратэсту гэтага году, калі на вуліцы пачала выходзіць моладзь – гэта, на мой погляд, прыкмета таго, што цярплівасьць у часткі людзей заканчваецца. Людзі ўжо не зьвязваюць сваю пэрсанальную будучыню з уладамі. Адны лічаць патрэбным у такой сытуацыі выходзіць на акцыі грамадзкага непадпарадкаваньня. У іншых фрустрацыя прыводзіць да асацыяльных паводзінаў: росту злачыннасьці, самасудаў, агрэсіі. Сацыяльная тканка грамадзтва паволі распадаецца.
Калі казаць пра эканоміку, то сытуацыя вельмі складаная. Кіраўнікі некалькіх рэгіёнаў нядаўна зьвярнуліся да фэдэральнага цэнтру па фінансавую дапамогу, таму што рэгіянальныя бюджэты проста ня ў стане выканаць свае сацыяльныя абавязкі перад насельніцтвам. Пэрспэктываў таго, што ў бліжэйшы час будзе лепш – няма. Нават калі эканамічны рост будзе, ён будзе такім павольным, што звычайны чалавек яго адчуе ня скора.
У дзяржавы больш няма магчымасьцяў падтрымліваць на плыву ўсе буйныя праекты. А на гэтыя праекты завязаныя інтарэсы найбуйнейшых фэдэральных элітных групаў. Мне падаецца, што пасьля выбараў, калі будзе сфармаваны новы фэдэральны ўрад, калі стане ясна, які трэнд у дзяржаўнай палітыцы будзе ключавым, канфлікты паміж гэтымі групамі ўзмоцняцца. Тыя, чыімі інтарэсамі ахвяруюць, будуць супраціўляцца. Тое, што адбудзецца пасьля выбараў, не абяцае нам у бліжэйшыя гады ніякага спакойнага жыцьця.
Вы казалі пра тое, што ў Расеі шырыцца эміграцыя, асацыяльныя паводзіны, а таксама ўзьнікаюць стыхійныя пратэсты. Гэта вынік таго, што насельніцтва ня бачыць будучыні. А ці бачаць будучыню расейскія ўлады? Ўладзімер Пуцін паволі набліжаецца да 70-гадовай адзнакі. Расейскі эліты пачынаюць прыгадваць кіраўніцтва СССР 70-х гадоў. Ці адбываецца ў краіне нейкае абнаўленьне элітаў, а самае галоўнае: ці ёсьць у гэтых элітаў новыя ідэі?
Аляксандар Кынеў: Ніякіх новых ідэяў няма. Ёсьць спроба падмяніць новыя ідэі новымі тварамі. Асноўным трэндам гэтага году стала ратацыя губэрнатараў. На месца старых непапулярных кіраўнікоў сталі масава прызначаць так званых маладых тэхнакратаў – людзей з маладымі прыемнымі тварамі. Але эфэкт ад такой замены ня можа быць доўгім. У большасьці гэтых прызначэнцаў няма ніякага досьведу публічнай палітыкі. Яны ўсю сваю кар’еру сядзелі ў карпарацыях ды міністэрствах. А цяпер яны спрабуюць паводзіць сябе з насельніцтвам так, як яны б вялі сябе з прыбіральшчыцай, якую яны могуць лёгка звольніць.
У суседніх з Расеяй краінах: дзяржавах Балтыі, Украіне, Польшчы й нават Беларусі, – асьцерагаюцца, што перад прэзыдэнцкімі выбарамі расейскія ўлады захочуць падняць сваю папулярнасьць якой-небудзь новай ваеннай авантурай. Ці магчымыя сёньня чарговыя вайсковыя апэрацыі Расеі?
Аляксандар Кынеў: На мой погляд, ані палітычных, ані эканамічных магчымасьцяў для вайсковых авантураў няма. А сытуацыя ўнутры краіны для ўладаў, насамрэч, даволі спрыяльная. Справа ў тым, што ніякай моцнай апазыцыі ў краіне няма. Ёсьць пэўная пагроза з боку Навальнага, але ўлады зь ёй змагаюцца. Тыя, чые імёны зьявяцца на выбарчым бюлетэні, ніякага электаральнага ўрону нанесьці ня могуць. Пры той сытуацыі, якая склалася цяпер, уладам нават няма патрэбы рабіць нейкія сацыяльныя абяцаньні. У нейкіх надзвычайных мерах патрэбы проста няма.
Вясной і летам гэтага году па ўсёй Расеі нечакана пракацілася хваля палітычных пратэстаў моладзі. Аналітыкі пачалі казаць, што на вуліцы выйшла пакаленьне сацсетак «Вконтакте» і Facebook, што нараджаецца новая сацыяльная рэальнасьць, якая зьменіць Расею. Ці ёсьць надзея на гэтых 16-17 – гадовых маладых людзей?
Аляксандар Кынеў: Гэта выразны сыгнал пра тое, што ў Расеі зьмяняюцца пакаленьні. Надыходзіць пакаленьне, якое ня верыць у дзяржаву так, як у яе верылі бацькі й бабулі. Гэта людзі, якія па-іншаму ўспрымаюць асабістую свабоду, гэта людзі, якія не глядзяць тэлевізара. З кожным годам доля такіх людзей будзе расьці. Каб яны сталі большасьцю, павінна прайсьці яшчэ гадоў 15-20. Тады будзе іншая рэальнасьць, тады будуць іншыя лідары.
Размаўляў Аляксандар Папко