Logo Polskiego Radia
Print

Дональда Туска выклікаюць у пракуратуру

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 13.03.2017 15:12
Старшыня Эўрапейскай рады праходзіць па сьледзтве аб супрацы ФСБ і ваеннай контрвыведкі Польшчы.
Donald Tusk. Photo: Twitter.com/eucopresident Donald Tusk. Photo: Twitter.com/eucopresident

Ваенны аддзел Варшаўскай акруговай пракуратуры выклікае былога прэм’ер-міністра Польшчы, актуальнага старшыню Эўрапейскай рады на допыт у якасьці сьведкі. Туск павінен зьявіцца ў пракуратуру ў сераду, а допыт датычыць справы Службы ваеннай контрыведкі (Służba Kontrwywiadu Wojskowego). На гэтую тэму пішуць шматлікія польскія СМІ.

Пракуратура вядзе расьсьледаваньне супраць былых кіраўнікоў СВК, якія абвінавачваюцца ў тым, што падпісалі пагадненьне аб супрацу з ФСБ Расеі без дазволу кіраўніка ўраду.

Падпісанае ў красавіку 2010 году (неўзабаве пасьля авіякатастрофы пад Смаленскам) пагадненьне паміж СВК і ФСБ датычыла супрацы ў галіне змаганьня з пагрозамі супраць Польшчы альбо Расеі. Пэрыядычнае выданьне правай арыентацыі “Gazeta Polska Сodziennie”, якое падтрымлівае актуальны польскі ўрад, зазначае, што падпісанае пагадненьне было на руку расейцам. Для прыкладу, ФСБ магло б мець доступ да інфармацыі наконт дзеяньняў NATO й амэрыканцаў, якія зьяўляюцца саюзьнікамі палякаў.

У сваю чаргу раней тэлеканал TVN i “Gazeta Wyborcza”, якія ўспрымаюцца як апазыцыйныя да польскага ўраду СМІ, паведамлялі, што гаворка ідзе пра пагадненьне паміж СВК і расейскімі спэцслужбамі ў 2010 годзе, якое зьвязанае з выхадам польскага ваеннага кантынгенту з Афганістану. Польскія ваеннаслужачыя пакідалі месца службы менавіта праз Расею.

Кансэрватыўны партал niezalezna.pl напісаў, што сьледчыя пракуратуры заняліся пытаньнем візыту расейцаў у штаб-кватэру СВК і паездкі дэлегацыі тагачасных кіраўнікоў польскай ваеннай контрвыведкі ў Расею. “Паводле сьведкаў, афіцэры ФСБ маглі свабодна перамяшчацца па будынку СВК, а на службовай стаянцы была прыпаркаваная іх машына, якую не праверылі на прадмет прысутнасьці шпіёнскай апаратуры. Польскія ж афіцэры, якія былі ў Расеі, знаходзіліся пад пастаянным наглядам ФСБ”, - паведамляе партал. Гэтаю тэму таксама асьвятляе газэта “Rzeczpospolita”.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт