Logo Polskiego Radia
Print

Будаўнічыя мэтро адкрываюць трагічную гісторыю Варшавы

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 03.12.2016 11:17
Падчас зямельных працаў былі выяўленыя астанкі ахвяраў разьні жыхароў варшаўскага раёну Воля ў 1944 годзе.
Photo:Bundesarchiv, Bild 101I-695-0412-15 / Gutjahr / CC-BY-SA 3.0/pl.wikipedia.org

Будаўніцтва чарговай часткі мэтро ў Варшаве толькі што пачалося, а ўжо былі знойдзеныя першыя чалавечыя косьці. „Архэолягі ўжо працуюць на вуліцы Гурчэўскай”, - пра гэта на фан-старонцы „Я з Волі” (Jestem z Woli) паведаміла чытачка Магдалена Ярмула.

Будаўнічыя будуць знаходзіць чалавечыя косьці ўсё часьцей. Гэта астанкі ахвяраў разьні жыхароў варшаўскага мікрараёну Воля, якая прайшла з 5 па 7 жніўня 1944 году. Паводле розных ацэнкаў гітлераўскія жаўнеры, між іншым, з падразьдзяленьня Генрыха-Фрыдрыха Райнэфарта (Heinrich Friedrich Reinefarth) забілі 40-65 тысяч цывільных жыхароў раёну Воля. Яны не пашкадавалі нікога. Забівалі жанчын і дзяцей. Гэта быў адзін з самых трагічных момантаў Варшаўскага паўстаньня.

Паводле сьведкаў, целаў было настолькі шмат, што немцы пачыналі выкарыстоўваць мясцовае насельніцтва да іх крэмацыі.

Гэтыя групы цывільных жыхароў, якія называлі Verbrennungskommando, пасьля выкананай працы гітлераўцы таксама забівалі. Выжылі толькі нешматлікія, якім удалося зьбегчы пры першай магчымасьці.

Генрых-Фрыдрых „Хайнц” Райнэфарт ніколі не адказаў за свае злачынствы. Пасьля вайны ён быў заходненямецкім палітыкам. У 1951-1967 гадах займаў пасаду мэра горада Вэстэрланд, а ў 1958-1967 гадах быў дэпутатам парлямэнту зямлі Шлезвіг-Гальштэйн. Памёр 7 траўня 1979 году ў Вэстэрландзе.

warszawawpigulce.pl/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт