Суд над Статкевічам адбудзецца 4 траўня
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
29.04.2015 09:00
Былому кандыдату ў прэзыдэнты пагражае новы тэрмін.
Суд над экс-кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі Мікалаем Статкевічам, які адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі № 17 у Шклове, прызначаны на 4 траўня, паведамляе яго жонка Марына Адамовіч на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”.
Статкевіча абвінавачваюць у парушэньні правілаў унутранага парадку й непадпарадкаваньні патрабаваньням кіраўніцтва калёніі. На судзе будзе разглядацца пытаньне аб зьмяненьні яму рэжыму адбываньня пакараньня з заменай на турэмны.
Паводле інфармацыі жонкі палітыка, першапачаткова суд плянаваўся на 28 красавіка, але затым яго перанесьлі. Прычыны пераносу невядомыя.
Як паведамлялася раней, 9 красавіка камісія шклоўскай калёніі прыняла рашэньне адправіць Статкевіча на турэмны рэжым да канца тэрміну пакараньня. Паводле наяўнай інфармацыі, у палітыка як мінімум 13 спагнаньняў, зь якіх 10 - за адмову ад работы па самаабслугоўваньні (прыбіраньне тэрыторыі). Паводле закона такую работу павінны выконваць усе зьняволеныя па чарзе ня больш чым дзьве гадзіны ў дзень, але ў дачыненьні да Статкевіча гэтыя нормы ня дзейнічалі, што ён расцэньвае як узаконены зьдзек.
Праблемы з адміністрацыяй калёніі ў асуджанага палітыка пачаліся адразу пасьля яго пераводу ў калёнію з магілёўскай турмы. Пасьля таго як 24 сакавіка Статкевіч напісаў заяву аб адмове ад работ, ціск узмацніўся.
58-гадовы Мікалай Статкевіч — адзіны кандыдат у прэзыдэнты Беларусі на выбарах 2010 году, які дагэтуль знаходзіцца ў няволі. У траўні 2011-га ён быў прысуджаны да шасьці гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачаньні ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень прэзыдэнцкіх выбараў. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Мікалая Статкевіча палітычным зьняволеным.
Статкевічу неаднаразова прапаноўвалі напісаць прашэньне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі, але ён катэгарычна адмаўляецца гэта рабіць. Палітык павінен выйсьці на волю ў сьнежні 2016 году.
belapan.by/аз