Усё больш краінаў жадаюць пашырыць гандлёвыя адносіны з Кітаем, які становіцца эканамічным гігантам. Павялічыць супрацоўніцтва імкнецца й Польшча. Аднак не ва ўсіх сфэрах гандаль з Кітаем можа быць карысны – папярэджваюць экспэрты Польскага інстытуту міжнародных справаў.
Гандлёвы абмен паміж Польшчай і Кітаем хутка расьце, аднак іпарт з Кітая перавышае польскі экспарт у гэтую краіну ажно ў 10 разоў! Адмоўнае сальда ў гандлі з Кітаем зьяўляецца галоўнай праблемай польска-кітайскага эканамічнага супрацоўніцтва, кажа экспэрт Польскага інстытуту міжнародных справаў Юстына Шчудлік-Татар.
Ю. Шчудлік-Татар: Мы павінныя павялічваць наш экспарт у Кітай. Нельга абмяжоўваць імпарт, бо Польшча закупае ў Кітаі ня толькі танныя прадукты нізкай якасьці. Мы купляем матэрыялы для нашых фабрык. Мы павінны ўзмоцніць падтрымку польскіх прадпрыемстваў, якія хочуць інвэставаць у Кітаі альбо экспартаваць у Кітай. Мы павінны рэклямаваць асобныя галіны прамысловасьці ці прадукты, а таксама тлумачыць прадпрымальнікам, як найлягчэй адчыніць прадстаўніцтва ў Кітаі. Акрамя таго, варта адчыніць спэцыяльныя крэдытныя лініі для экспарту ў Кітай, бо шмат прадпрымальнікаў баяцца гэтага рынку.
А баяцца таму, што ўвайсьці на кітайскі рынак цяжка – тлумачыць Радаслаў Пыфель, дырэктар Навуковага цэнтру Польшча-Азія.
Р. Пыфель: Гэта нялёгкі рынак, бо нашыя эканомікі непараўнальныя. Кітай – гэта велізарная краіна, а Польшча – краіна невялікая й ня можа запрапанаваць шмат. Кітай больш за ўсё патрабуе сыравіны й тэхналёгіяў. Польшча ня можа гэтага прапанаваць, таму мы павінны знайсьці свае нішы на рынку, даць тое, чаго Кітай ня мае.
Якімі таварамі з Польшчы маглі б зацікавіцца кітайскія спажыўцы? На гэтае пытаньне адказвае Юстына Шчудлік-Татар.
Ю. Шчудлік-Татар: Мне падаецца, нашыя традыцыйныя прадукты - перадусім горнадабываючай прамысловасьці. Кітайцы вельмі хваляць нашыя машыны, якія запэўніваюць бясьпеку ў шахтах. Таксама цэняць нашыя прыродаахоўныя тэхналёгіі. Што б ні казалі пра Кітай, там усё больш увагі надаюць ахове навакольнага асяродзьдзя. Таксама можна было б павялічыць экспарт нашых прадуктаў харчаваньня. Яны якасныя, ня ўтрымліваюць пэстыцыдаў і адпавядаюць эўрапейскім нормам. Таксама Кітай могуць зацікавіць нашыя прадметы раскошы. Там зьявілася вельмі вялікая група заможных людзей. З уласнага досьведу ведаю, што кітайцы ў захапленьні ад польскага бурштыну, ювэлірных вырабаў, дызайну й нават алькагольных напояў. Гэтыя сэктары выворчасьці трэба прасоўваць на кітайскім рынку, заахвочваць польскіх прадпрымальнікаў, каб яны ўваходзілі на кітайскі рынак.
Жадаючы павялічыць сваю прысутнасьць на кітайскім рынку, палякі не павінны забывацца пра кітайскія інвэстыцыі ў Польшчы. Разважаючы пра разьвіцьцё супрацоўніцтва з Пэкінам, прадпрымальнікі павінны ведаць, якія пляны Кітай мае ў стасунку да Польшчы, а ня Польшча ў стасунку да Кітая. Галоўныя рашэньні й так будуць прымацца ў Пэкіне – кажа Радаслаў Пыфель.
Р. Пыфель: Кітай мае вялікі прафіцыт бюджэту й гэта ад яго залежыць, у што гэтыя грошы будуць укладзеныя. Большае значэньне мае тое, што плянуюць кітайцы, а ня мы. Таму прыцягнуць кітайскія інвэстыцыі будзе значна прасьцей, чым павялічыць экспарт у Кітай. І так адбываецца па ўсім сьвеце. Пры гэтым трэба памятаць, што ўзровень жыцьця ў Кітаі расьце, юань таксама ўзмацняецца. Таму Кітай паступова ператвараецца з краіны-экспартэра ў краіну-імпартэра. Так што павялічыць экспарт у будучыні можна, бо ёсьць спрыяльны трэнд.
Польшча зьяўляецца цікавай для кітайскіх інвэстараў. І гэтая цікавасьць была пацьверджаная падчас візыту прэзыдэнта Польшчы ў Кітай, кажа экспэрт Польскага інстытуту міжнародных справаў Юстына Шчудлік-Татар.
Ю. Шчудлік-Татар: Адным з галоўных мэсыджаў падчас паездкі Браніслава Камароўскага ў Кітай было тое, што Польшча зьяўляецца вялікім рынкам на прасторах Эўразьвязу. Уваход на польскі рынак азначае ўваход на супольны рынак Эўразьвязу. Нашая краіна стабільная ў палітычным і эканамічным пляне. Я думаю, такія аргумэнты пераканаюць кітайцаў.
Аднак, на думку экспэртаў Польскага інстытуту міжнародных справаў, Польшча ня мае выразна сфармуляванай эканамічнай палітыкі ў дачыненьні да Кітая. У адрозьненьне ад Вялікабрытаніі, Гішпаніі ці Чэхіі, Польшча ня выпрацавала яшчэ стратэгіі разьвіцьця эканамічных адносінаў з Кітаем – кажа Юстына Шчудлік-Татар.
Ю. Шчудлік-Татар: Я лічу, што такі дакумэнт павінен быць створаны. Трэба, каб Міністэрства эаномікі ці некалькі міністэрстваў распрацавалі дакумэнт, у якім будуць абмеркаваныя разьвіцьцё эканамічнага супрацоўніцтва, супрацоўніцтва ў сфэры адукацыі й навукі, а таксама рэкляма нашай культуры. У стратэгіі павінны быць пазначаныя канкрэтныя мэты, каляндар выкананьня. Стратэгія павінна таксама дазваляць зьмяняць мэты супрацоўніцтва, калі зьменіцца эканамічная сытуацыя.
Магдалена Скаеўска