Logo Polskiego Radia
Print

Гісторыя польскіх татараў

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 15.02.2012 14:53
  • татары.mp3
У Гістарычным музэі ў Беластоку можна паглядзець найбуйнейшую ў Польшчы калекцыю гэтак званых татарыянаў.

/

Бясцэнныя рукапісы польскіх татараў з XІX стагодзьдзя, унікальныя асобнікі Карана ды ісламскіх малітоўнікаў, - усё гэта можна паглядзець у Гістарычным музэі ў Беластоку.

Згаданая музэйная ўстанова можа пахваліцца найбуйнейшай у Польшчы калекцыяй татарыянаў, гэта значыць памяткаў, зьвязаных з татарскім пасяленьнем на тэрыторыі Польшчы.

Якім чынам згаданыя экспанаты, зьвязаныя з татарамі ды ісламам, апынуліся ў беластоцкай музэйнай установе,? - з гэтым пытаньнем мы зьвяртаемся да дырэктаркі Гістарычнага музэя ў Беластоку Люцыны Лесіш.

Люцына Лесіш: Першыя экспанаты патрапілі ў Гістарычны музэй у 80-х гадох. Згаданую калекцыю перадаў спадар Мацей Канапацкі, калі зьяжджаў зь Беластоку. З гэтага часу нам удалося атрымаць яшчэ іншыя ўнікальныя асобнікі, галоўным чынам, рукапісы. Тым ня менш, аснову калекцыі надалей складаюць экспанаты, якія мы атрымалі ад спадара Мацея Канапацкага.

Трэба дадаць, што згаданыя прадметы былі прывезеныя ў Польшчу пасьля Другой сусьветнай вайны, між іншым, зь Вільні ды заходняй тэрыторыі сучаснай Беларусі. Ці можна сказаць, што калекцыя паказвае доўгую й багатую гісторыю татарскага пасяленьня на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай?

Люцына Лесіш: Зразумела, так. Татары, якія пасьля Другой сусьветнай вайны хацелі жыць на тэрыторыі Польшчы, перасяляліся з „усходніх крэсаў”. Менавіта Беластоцкае ваяводзтва стада для іх малой айчынай. Тут з 19 мячэцяў, якія існавалі на тэрыторыі Польшчы ў міжваенны пэрыяд, засталіся дзьве – у Багоніках і Крушынянах. Перасяляючыся, яны прывозілі з сабою найбольш каштоўныя рэчы: сямейныя памяткі, прадметы рэлігійнага культу, які працягваўся на тэрыторыі Польшчы амаль 600 гадоў. Трэба нагадаць, што асноўнай умовай пасяленьня татарскіх вайсцоўцаў на памежжы Вялікага Княства Літоўскага й Кароны была менавіта свабода ісламскага веравызнаньня.

Скажыце, калі ласка, якія прадметы татарскай культуры і традыцый, што можна паглядзець у Гістарычным музэі ў Беластоку, найбольш каштоўныя?

Люцына Лесіш: Гэта, перш за ўсё, рукапісы. Чаму? Таму, што яны сьведчаць, па-першае, пра традыцыйную талерантнасьць жыхароў Польшчы ў дачыненьні да іншаверцаў. Нагадваю, што татары былі невялікай выспай у, так бы мовіць, моры хрысьціянства. У Польшчы іхнае асяродзьдзе ніколі не было шматлюдным. Гаворка ідзе літаральна пра некалькі тысячаў чалавек, якім усё ж удалося застацца пры сваёй рэлігіі. У працягваньні традыцыі ім дапамагалі менавіта малітоўныя кнігі, галоўным чынам Каран, а таксама хамаілы – мусульманскія малітоўнікі, створаныя з мэтай рэлігійнага культу імамамі, якія ведалі арабскую мову. Трэба дадаць, што менавіта арабская мова цягам усіх гэтых стагодзьдзяў засталася літургічнай мовай рэлігійнага культу татараў на тэрыторыі Польшчы. Згаданыя малітоўнікі вельмі часта былі адзінай кніжкай дома, якая карысталася асаблівай пашанай. Вельмі часта ў іх пазначалі сапраўды важныя даты з жыцьця сям’і – народзіны ейных новых чальцоў, сьмяротныя зыходы, а нават, як у выпадку аднаго з нашых экспанатаў, гісторыю вайсковай кар'еры ўласьніка. Гэтыя нататкі ня толькі паказваюць на час узьнікненья хамаіла, але дадаткова сьведчаць пра гісторыю польскіх татараў.

Беластоцкая татарская экспазыцыя часта прэзэнтуецца ў іншых музэйных установах па ўсёй Польшчы. Ці гэта значыць, што татарская тэматыка карыстаецца асаблівым зацікаўленьнем сярод палякаў?

Люцына Лесіш: Вельмі вялікім зацікаўленьнем. Кожны год мы атрымліваем некалькі просьбаў ад іншых музэйных установаў пазычыць калекцыю. Нашы экспанаты прэзэнтаваліся ў многіх гарадох па ўсёй Польшчы. Часам выставы татарскай культуры іншыя музэі ладзяць самастойна, а часам – пры нашай дапамозе, паколькі гісторыя татарскага пасяленьня на тэрыторыі Польшчы малавядомая.

Пра гісторыю польскіх татараў распавядала дырэктарка Гістарычнага музэя ў Беластоку Люцына Лесіш.

Польская рэдакцыя/ гс/мв/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт