Танныя пакупкі спакушаюць летувісаў
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
04.02.2012 14:51
Уласьнікі польскіх памежных крамаў падлічваюць даходы.
Летувісы штурмуюць базары на Падляшшы, - паведамляе „Gazeta Wyborcza”.
Калісьці міжнародны гандаль праходзіў у адваротным напрамку - гэта жыхары ўсходняй Польшчы езьдзілі па набыткі ў Летуву. Харчовыя прадукты былі таньнейшыя, чым у Польшчы на некалькі дзясяткаў адсоткаў, а вяртаючыся можна было заправіць машыну таксама танным палівам. Цяпер, калі стаўка падатку на дададзеную вартасьць на мяса, рыбу, агародніну, садавіну ды іншыя прадукты вырасла ў Летуве да 21%, сытуацыя зьмянілася. Нагадваем, у Польшчы ПДВ на згаданыя прадукты складае 5%.
„Яйкі, мяса, жоўты сыр, напоі, і г.д. у Польшчы нават на 30-40 % таньнейшыя, чым у Летуве. Паліва ў адзін й другі бок, гэта каля 100 злотых,”- кажа адзін з жыхароў Клайпэды.
Уласьнікі польскіх памежных крамаў падлічваюць даходы. „У паляка ўсё вылічана: тры кавалачкі таго, два - таго… Тым часам летувісы купляюць усё ў кіляграмах”, - кажа спадарыня Анна, якая ў Аўгустове гандлюе мясам.
Асаблівай папулярнасьцю карыстаецца ня толькі польскае мяса, але таксама малочныя вырабы, цукар, хатняя хімія.
Польскія гандляры падзяляюць летувісаў на дзьве групы: на сем’і, якія польскія крамы наведваюць у выходныя ды аптавікоў, якія па набыткі прыяжджаюць таксама й цягам рабочага тыдня.
Інтэрэс вынюхала таксама летувіская гандлёвая сетка „Gelsva”, якая хоча адкрыць свой маркет па польскім боку, на месцы былога памежнага пераходу ў Агародніках,- паведамляе „Gazeta Wyborcza”.
аз