Logo Polskiego Radia
Print

Запрашаем у Цехановец

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 07.10.2011 15:49
  • Цехановец.mp3
Дазвольце, Шаноўнае Спадарства, запрасіць Вас сёньня ў адным з найстарэйшых гарадоў Падляшша.

/

Цехановец – гарадок на Драгічынскім узвышшы ў Падляскім ваяводзтве, сядзіба пасёлка гарадзкога тыпу. Паводле дадзеных за 2007 год, у гміне жыве каля 1 тысячы жыхароў.

Цехановец распаложаны на тэрыторыі Краявіднай зоны Даліны рэк Буг і Нурэц, у 130 кілямэтрах ад Варшавы, па турыстычнай трасе ў Белавежу. Ён зьяўляецца адным з найстарэйшых гарадоў Падляшша.

Сам гарадок распаложаны вельмі маляўніча на рацэ Нурэц. На левым, усходнім берагу ракі распаложаная старэйшая частка Цеханоўца са старым рынкам, касьцёлам, царквой, сынагогай ды найважнейшымі сучаснымі ўстановамі мясцовых уладаў. У сваю чаргу на правым беразе распаложаны Музэй сельскай гаспадаркі.

Цехановец атрымаў гарадзкія Магдэбурскія правы, дараваныя вялікім князем літоўскім Вітаўтам у 1429 годзе. Найстарэйшыя, гістарычныя дакумэнты, якімі да гэтай пары можа пахваліцца гарадок, паходзяць з XVI стагодзьдзя.

У гэтым часе ягонымі ўладарамі быў род Кішкаў. У палове XVІ стагодзьдзя Пётр Кішка ўзьвёў на правым беразе ракі Нурэц замак, які пазьней быў перабудаваны ў крэпасьць. Усё ж будоўля была зьнішчаная падчас Швэдзкіх войнаў, а ўзьніклую на яго месцы сядзібу Асалінскіх у 1915 годзе спалілі расейцы. Па сёньняшні час на згаданым месцы захаваліся толькі падмуркі й абаронны роў.

Чарговымі ўласьнікамі Цеханоўца былі сем’і: Брэмэраў, Асалінскіх, Шчукаў і Цяцерскіх. Асабліва сям’я Асалінскіх інвэставала ў разьвіцьцё мястэчка ў другой палове XVІІ стагодзьдзя.

Падчас падзелу Польшчы Цехановец спачатку апынуўся ў межах Прусіі, а пазьней – Расеі. Менавіта тады ён быў падзелены на дзьве часткі. Правы бераг апынуўся ў межах Каралеўства Польскага, а левы – Расеі. У гэтым часе Цехановец быў вядомы тэкстыльнай прамысловасьцю й коннымі кірмашамі. У міжваенны пэрыяд 55% жыхароў гарадка складалі габрэі. Падчас Другой сусьветнай вайны горад зьнішчылі спачатку жаўнеры Чырвонай арміі, а пазьней немцы. Габрэйскае насельніцтва было амаль поўнасьцю зьнішчанае ў Гітлераўскім лягеры працы ў непадалёкай вёсцы Трэблінка. Пасьля вайны Цехановец ніколі не вярнуў свайго ранейшага значэньня ды колькасьці насельніцтва.

/

Сёньня Цехановец прываблівае турыстаў перш за ўсё Музэем сельскай гаспадаркі, дзе можна паглядзець, між іншым, прыклады старадаўнай вясковай архітэктуры, выставу сельгас-тэхнікі, батанічны сад лячэбных расьлінаў. Апрача таго, паглядзець багатыя фонды запрашае Музэй велікодных яйкаў ды адзіны ў Польшчы й найбольшы ў Эўропе Музэй вэтэрынарыі.

Сярод архітэктурных помнікаў, якія захаваліся па сёньняшні час у Цеханоўцы, раім паглядзець касьцёл Прасьвятой тройцы ў стылі барока, кляштарна- шпітальны комплекс з XVIII стагодзьдзя, руіны старой сынагогі, а таксама праваслаўную царкву імя Ўнебаўзяцьця Гасподняга з 1884 году – месца гібелі мясцовага насельніцтва ў часе Другой сусьветнай вайны.

/

Адным з асноўных турыстычных козыраў Цеханоўца зьяўляецца ягонае распаложаньне на рацэ Нурэц. Ейная маляўнічая даліна зьяўляецца прыстанішчам для многіх гатункаў жывёлаў і птушак. Сваімі воднымі козырамі гарадок прыцягвае таксама многіх аматараў байдарачнага спорту й агратурызму.

Папулярнасьцю сярод турыстаў карыстаюцца таксама штогадовыя мерапрыемствы, напрыклад, Падлясакае сьвята хлеба, Міжнародны фэстываль фальклёру „Падляскія сустрэчы”, ці спаборніцтвы конных запрэжкаў.

аз

Фота: wrotapodlasia.pl

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт