Logo Polskiego Radia
Print

"Лясны закуток" у Кнышынскай пушчы

PR dla Zagranicy
Dzmitry Hurnievic 30.07.2011 07:30
  • Лясны закуток у Кнышынскай пушчы.mp3
Разьвіцьцё агратурызму ў Польшчы дало за апошнія пару гадоў 200 тыс. новых месцаў працы.

/

Шточацьвёрты жыхар Эўразьвязу, абіраючы месца для адпачынку, аддае перавагу не мітусьлівым гатэлям, а вясковай цішыні. З кожным годам экатурызм набывае ўсё большую папулярнасьць. У Эўразьвязе гэты дастаткова малады від турызму складае 15% ад усяго турыстычнага рынку. Разьвіцьцё агратурызму ў Польшчы дало за апошнія пару гадоў 200 тыс. новых месцаў працы. Сёньня мы наведаем адну з пасьпяховых аграсядзібаў на Падляшшы. Запрашаем вас у “Лясны закуток” у вёсцы Грыбоўцы, у 8 км ад беларускай мяжы.

Гаспадар сядзібы Славамір Абрамовіч пераехаў зь Беластоку ў Грыбоўцы ў 2007 годзе. У самым сэрцы Кнышынскай пушчы ён хацеў знайсьці спакой, якога ў горадзе ня знойдзеш з агнём і ня купіш ні за якія грошы. Ідэя адчыніць сваю агратурыстычную гаспадарку ўзьнікла адразу. Балазе, у спадчыну ад дзядоў спадару Славаміру дастаўся вялікі кавалак зямлі. Ужо праз год Абрамовіч збудаваў першыя дамкі для турыстаў. Амаль усё рабіў сваімі рукамі, хаця да гэтага, як сам прызнаецца, увогуле не працаваў фізычна.

С. Абрамовіч: Пасьля пераезду ў вёску я заўважыў, што мне вельмі падабаецца будаваць і майстраваць. А галоўнае, што гэта дае мне неверагодную энэргію й паляпшае настрой. У самых цяжкіх працах, як, напрыклад, канструяваньне будынку, мне дапамагалі рабочыя, але рэшту я рабіў сам. Усё разам заняло мне каля трох гадоў, а вынік вы можаце пабачыць на ўласныя вочы.

Завяршэньне будаўніцтва сядзібы супала з павелічэньнем колькасьці турыстаў на Падляшшы. За апошнія пару год зацікаўленасьць Беласточчынай павялічылася на 200-300%. Паводле спадара Славаміра, турыстаў у Кнышынскую й Белавежскую пушчы прываблівае некранутая прырода, райская цішыня й аўтэнтычная культура.

С. Абрамовіч: У гэтым рэгіёне ніколі не было прамысловасьці, таму паветра тут засталося чыстае як нідзе ў Польшчы. Да Беластоку ад нас 40 кілямэтраў. Да беларускага Ваўкавыска таксама няма буйных фабрык. Тры дні таму да мяне ехаў сябар. Ён распавядаў, што едучы празь лес, убачыў зубра. У нашай ваколіцы іх каля сарака штук.

Да гэтага трэба дадаць сапраўдную падляшскую кухню. Прысмакі й ласункі гаспадары робяць самі з натуральных прадуктаў.

С. Абрамовіч: Мы самі робім хатнія вяндліны. У нас ёсьць свае куры, мёд. Мы імкнемся, каб усё было высокаэкалягічнае.

На адсутнасьць гасьцей гаспадар “Ляснога закутка” не наракае. Гараджане ўсё часьцей шукаюць на выходныя сховішча ад шуму машын і натоўпу людзей на вуліцах. Да спадара Славаміра найчасьцей прыязджаюць тыя, хто пачуў пра ягоную сядзібу ад знаёмых. “Лепшай рэклямы нельга ўявіць” – кажа гаспадар.

С. Абрамовіч: За тры гады бізнэсу мы зразумелі, што лепшай рэклямы, чым саліднасьць, і быць ня можа. Большасьць сёлетніх кліентаў прыехалі да нас паводле рэкамэндацыі.

Для тых, хто любіць актыўны адпачынак, у ваколіцы знойдзецца нямала заняткаў. Гэта й вадроўка на байдарках па мясцовых рэках, рыбалка, ровары, шпацыры па лесе й мясцовыя помнікі архітэктуры.

С. Абрамовіч: Перш за ўсё раю наведаць Музэй іконаў у Супрасьлі, гэта, прыблізна, у 25 км ад нас. У Крушынянах можна пабачыць мусульманскую мячэць. У ваколіцы ёсьць мносна тыповых беларускіх вёсак, варта іх наведаць. Ну й, вядома, флёра, фаўна, спакой і цішыня.

Сядзіба Славаміра Абрамовіча здольна зьмясьціць каля 20 чалавек. Гэта некалькі асобных дамкоў, якія маюць кухню, два туалеты з душам, тэлевізары, радыё. У некаторых – каміны. Маецца паркінг на дзясятак машын, саўна, альтанкі, шашлычная, дзіцячая пляцоўка й арэлі. А яшчэ – сажалка, празь якую маляўніча перакінуты масток на шляху ў адзін з домікаў

І абсалютна бясплатна – каючая душу прырода, вячэрні ціхі шэпт бярозкаў у адказ на подых ветру, шапаценьне трысьнягу на беразе сажалкі ды таямнічы плёскат рыбы ў вадзе. А перад сном - кубак завараных зёлкаў у руцэ й роздумы перад полымем каміна...

дг

Здымкі: Валера Саўко

/

/

/

/

/

/

/
Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт