У сёньняшняй моўна-музычнай рубрыцы я прадстаўлю вам выканаўцу, які напісаў і засьпяваў песьню пра падзеі, якія здарыліся ў Польшчы 75 гадоў таму. Гаворка ідзе пра Варшаўскае паўстаньне, пра якое сьпяваюць цяпер многія выканаўцы, у тым ліку прадстаўнікі маладога пакаленьня артыстаў. Не выключэньне і Міхал Кавалёнак, творчасьць якога я вам сёньня прэзэнтую.
Міхал Кавалёнак нарадзіўся роўна 40 гадоў таму (29.06.1979) у мясцовасьці Раканевіцэ на захадзе Польшчы. Па адукацыі ён эканаміст, але больш увагі, чым лічбам, прысьвячае нотам. Ня толькі сьпявае, але таксама сам піша музыку ды тэксты песьняў. Кавалёнак быў лідарам познанскага гурту Snowman, музыкі разам запісвалі альбомы. Аднак у 2012 годзе яго запрасілі працаваць у калектыў Myslovitz, калі з групай парваў шматгадовы вакаліст Артур Роек. У складзе Myslovitz Кавалёнак запісаў адзін кампакт-дыск, але супрацоўніцтва працягвалася толькі каля шасьці гадоў, год таму Кавалёнак пакінуў гурт, і пачаў сольную кар’еру.
Песьня, якую я вам сёньня прапаную, называецца «Ліст ад сына». Кампазыцыя ўваходзіць у склад сэрыі запісаў, зробленых з нагоды гадавіны Варшаўскага паўстаньня (1944 г.), а называецца гэты праект «Пра каханьне ў часы паўстаньня». Аўтар музыкі і слоў – сам Міхал Кавалёнак.
Odkąd pamiętam
Byłeś mi wszystkim
W zasięgu wzroku
W zasięgu moich rąk
W swej prawej dłoni
Mieściłeś dwie moje
A w Twoim cieniu
Mieścił się cały mój świat
Piszę ten list, piszę tych parę słów
Może zobaczyć nam uda się znów
„Proszę o odpis”, jeśli czytasz ten list
Odpisz proszę – ściskam Cię mocno – Twój syn
„Ja jeszcze zdrów”, liczę, że tata też
Może „nieranny” mój tata gdzieś jest
Mocno mnie martwi i smuci, że nie wiem gdzie jest
Nie wiem czy wróci tu
Niech tata sobie
Nic nie robi z tego
Bo ta wojna
Musi raz skończyć się
Колькі я памятаю, ты быў для мяне ўсім. У радыюсе майго зроку, у радыюсе маіх рук, у тваёй правай далоні зьмяшчаліся дзьве мае. А ў тваім ценю зьмяшчаўся ўвесь мой сьвет.
Я пішу гэты ліст, пішу гэтыя пару слоў. Можа ўбачыцца нам удасца зноўку. «Я прашу адказаць», калі ты чытаеш гэты ліст. Адкажы, калі ласка, абдымаю цябе моцна. Твой сын.
«Я яшчэ здароў», разьлічваю, што тата таксама. Можа «не паранены» мой тата дзесьці ёсьць. Дужа мяне хвалюе і засмучае, што я ня ведаю, дзе ён, ня ведаю, ці вернецца сюды.
Хай тата не перажывае з-за гэтага, бо гэтая вайна павінна калісьці закончыцца.
Odkąd pamiętam – колькі я памятаю. Вельмі характэрнае і папулярнае словазлучэньне польскай мовы. Думаю, няцяжка зразумець, што яно азначае, нават калі хтосьці не валодае выдатна мовай палякаў – «колькі я памятаю, з таго часу, які я памятаю, увесь час».
Byłeś mi wszystkim – ты быў для мяне ўсім. Вельмі падобны зварот, як і на беларускай мове, хаця пераклад крышачку адрозьніваецца, на маю думку, так гучыць лепш – ты быў для мяне ўсім, чым «ты быў мне ўсім».
W zasięgu wzroku – у радыюсе майго зроку. Zasięg – гэта тая паверхня, аб’ём або іншая мера, якую нешта ахоплівае, у дадзеным выпадку – зрок або рукі дзіцяці, паколькі сын піша ліст бацьку і ўспамінае ў ім свае ўражаньні з дзяцінства, як ён памятае свайго тату. Zasięg – гэта можа быць таксама радыюс дзеяньня напрыклад радыёхвалі, а калі гаворка ідзе пра zasięg telefonii komórkowej, то беларус бы сказаў «зона пакрыцьця» нейкага апэратара тэлефоннай сувязі, куды даходзіць або не даходзіць яго сыгнал.
W twoim cieniu – у тваім ценю. Зьвярніце ўвагу, што тут іншы род, чым на расейскай мове. Цень – мужчынскага роду ў польскай і беларускай мовах, а расейская цень – жаночага роду.
Proszę o odpis – я прашу адказаць мне на мой ліст.
Ja jeszcze zdrów – я яшчэ здароў. Тут аўтар кампазыцыі выкарыстаў кароткую форму слова здаровы (zdrowy – zdrów).
Niech tata sobie nic nie robi z tego – nic sobie nie robić – гэта значыць – не хвалявацца, не перажываць, не ладзіць шмат дзейнасьці ў сувязі з нейкай падзеяй, не прымаць блізка да сэрца.
нг