Logo Polskiego Radia
Print

Паводзіны кіроўцаў становяцца больш агрэсіўнымі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 24.04.2019 15:51
56% апытаных сказала, што ім здараецца накрычаць на іншых кіроўцаў або пешаходаў.
pixabay.com/Public Domain CC0

Павялічваецца ўзровень агрэсіі эўрапейскіх кіроўцаў. Дасьледаваньні праводзіць фонд VINCI Autoroutes у 11 эўрапейскіх краінах, у тым ліку ў Польшчы – паведамляе «Dziennik Gazeta Prawna». Сёлетнія вынікі сьведчаць перш за ўсё аб тым, што расьце ўзровень агрэсіўных або некультурных паводзінаў кіроўцаў. Па словах аўтараў дасьледаваньня, гэта сур’ёзная праблема. Кіроўцы адзначалі ў анкетах, што яны баяцца агрэсіўных паводзінаў іншых. Асабліва шырока распаўсюджаная дадзеная зьява на поўдні Эўропы – у Гішпаніі, Грэцыі або Італіі. Агулам 56% апытаных кіроўцаў казала, што ім здараецца накрычаць на іншых карыстальнікаў дарогі. У сваю чаргу 84% апытаных баіцца агрэсіўных паводзінаў іншых (рост на 4% у параўнаньні з 2017 г.).

А якія паводзіны палякаў могуць быць праблемнымі? З апытаньня вынікае, што жыхары Польшчы менш схільныя абражаць іншых кіроўцаў, чым напрыклад грэкі (у Польшчы 41%), затое палякі часьцей пішуць СМС-паведамленьні або нешта чытаюць падчас кіраваньня машынай. У сваю чаргу вельмі добрыя вынікі датычаць кіраваньня транспартным сродкам пад уплывам сьпіртных напояў. Толькі 3% польскіх грамадзян заявіла, што яны час ад часу водзяць пад уплывам алькаголю (невялікай колькасьці). Сярэдні паказчык для ўсіх 11 краін – гэта 10%. Дарэчы, пацьвярджаюць гэта дадзеныя польскай паліцыі. З 2011 году рэгулярна зьмяншаецца колькасьць ДТЗ з удзелам людзей (кіроўцаў, пешаходаў, пасажыраў), якія былі пад уплывам сьпіртнога. Яшчэ восем гадоў таму такіх здарэньняў было каля 5 тыс., а летась – менш за 2,8 тыс.

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт