Logo Polskiego Radia
Print

Сьмерць К. Лагерфельда спыніла нейкую эпоху ў модзе

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 23.02.2019 09:14
Дызайнэр збудаваў імпэрыю Шанэль, у яго была выключная інтуіцыя.
Карл Лагерфельд на паказе ў Парыжы, 2014 годКарл Лагерфельд на паказе ў Парыжы, 2014 годPAP/EPA/CHRISTOPHE KARABA

На гэтым тыдні памёр славуты мадэльер, дызайнэр дому моды Шанэль Карл Лагерфельд. Вялікая зорка сьвету моды адышоў ва ўзросьце 85 гадоў, у яго быў рак – нагадвае «Plus-Minus» – укладыш на выходныя выданьня «Rzeczpospolita».

Акрамя шматлікіх посьпехаў на подыюмах, ён зрабіў штосьці, што ўдаецца нямногім: стварыў сам сябе. У яго быў сапраўдны тэатральны імідж: ад галавы да ног у чорным, у фраку а-ля Людовік XV, высокі каўнерык, пальчаткі без пальцаў, шматлікія пярсьцёнкі, сівыя валасы, сабраныя ў хвосьцік, макіяж на твары, цёмныя акуляры. Тым ня менш, у гэтай старамоднай вопратцы ён стаў тым у сьвеце моды, чым Мадонна ў шоў-бізнэсе – мэгазоркай.

Нарадзіўся вялікі дызайнэр пад Гамбургам у Нямеччыне. Дарэчы, доўга не было вядома, калі дакладна, ён сам затойваў сваю дату нараджэньня, нават судзіўся з журналісткай, якая яе выявіла. Некалькі дзясяткаў гадоў Лагерфельд быў крэатыўным дырэктарам дому моды Шанэль. У часах, калі дызайнэрскія фірмы забываюць пра мінулае, часам нават мяняюць лягатып, ён захаваў пашану да таго, што было перад ім, але ўмеў удыхнуць новае жыцьцё ў марку. Быў чалавекам шматлікіх талентаў. Займаўся фатаграфіяй, архітэктурай, мастацтвам, дызайнам, музыкай, пісаў кнігі. У яго бібліятэцы было 300 тыс. кніг, а ён сам быў у стане ўказаць, дзе знаходзіцца кожная. Чытаў па-француску, нямецку, ангельску ды італьянску.

Не любіў палітычнай карэктнасьці. Калі стала вядома, як пакутуюць мадэлі ад дыет, паколькі дызайнэры выбіраюць ненатуральна худых дзеўчын, толькі ён адважыўся казаць тое, што ведалі ўсе прадстаўнікі сьвету моды: мадэлі павінны быць худыя, бо толькі на худой жанчыне вопратка добра ляжыць, і толькі тады калекцыя добра прадаецца. Быў гомасэксуалістам, і казаў, што гомасэксуалізм – такая ж звычайная зьява, як колер валасоў.

Лагерфельд збудаваў імпэрыю Шанэль, якая прыносіла чатыры мільярды даляраў даходу. У яго быў выключны нюх, ён інтуітыўна адчуваў, у якім напрамку трэба ісьці. Напрыклад, калі пачалася эра сацсетак, ён зразумеў, што будучыня за інтэрнэтам.

Як цяпер будзе выглядаць сьвет моды? Невядома, хаця вядома, што закончылася нейкая эпоха. А сам Лагерфельд наконт сваёй сьмерці казаў: «Я не хаджу на пахаваньні і не хачу, каб нехта прыйшоў на маё. А маё цела можаце выкінуць на звалку».

Plus-Minus/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт