Logo Polskiego Radia
Print

Усё больш палякаў супраць забароны гандлю ў нядзелю

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 20.02.2019 15:05
Вядома ўжо, што забарона нядзельнага гандлю не прынесла карысьці малым крамам.
pixabay.com/Public Domain CC0

Неўзабаве споўніцца роўна год з таго часу, калі ў Польшчы была ўведзеная забарона гандлю па нядзелях. У Вугоршчыне столькі часу хапіла, каб урад даў адбой і адмяніў сваё ранейшае рашэньне, якое выклікала вялікі супраціў насельніцтва – нагадвае «Rzeczpospolita».

Таксама ў Польшчы ўсё больш жыхароў выступае супраць забароны гандлю ў нядзелю. 36% апытаных кампаніяй АРС Rynek i Opinia заявіла, што на іх думку крамы павінны быць адчыненыя кожны дзень, а кожны пяты выбірае варыянт з дзьвюма гандлёвымі нядзелямі ў месяц. Так было ў мінулым годзе, сёлета крамы працуюць толькі ў апошнюю нядзелю месяца, а з будучага году нядзеля будзе заўсёды выходным днём.

Важнейшым аргумэнтам за ўвядзеньне забароны нядзельнага гандлю было тое, што закон дапаможа разьвівацца малым крамам. Аднак аказалася, што якраз малыя крамы больш пацярпелі, чым вялікія. Закон затое спрыяе заправачным станцыям і дыскаўнтарам, якія могуць прызначыць на рэкляму вялікія сродкі і таму прыцягваюць кліентаў у іншыя дні тыдня.

Стала вядома, што ўрад зьвярнуўся да некаторых фірмаў і арганізацый з просьбай даслаць іх меркаваньне і прадставіць дадзеныя пра ўплыў забароны на рынак. Міністар прадпрымальніцтва і тэхналёгіі Ядвіга Эмілевіч заявіла, што ўрад не выключае вяртаньня да варыянту з дзьвюма гандлёвымі нядзелямі.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт