Logo Polskiego Radia
Print

У час прыезду ў Эўропу ўцекачы як правіла здаравейшыя, чым карэнныя жыхары

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 24.01.2019 14:30
Але празь нейкі час яны пачынаюць пакутаваць ад такіх жа хвароб, як жыхары Эўропы.
pixabay.com/Public Domain/CC0

Сусьветная арганізацыя аховы здароўя прадставіла даклад на тэму стану здароўя ўцекачоў, якія перабраліся жыць у Эўропу. Палітыкі часта пужаюць жыхароў, што ўцекачы пераносяць хваробы. Аказваецца, што гэта стэрэатып, з якім распраўляецца даклад СААЗ – чытаем у выданьні «Gazeta Wyborcza».

Сярод жыхароў Эўропы каля 10% складаюць уцекачы, у Польшчы іх значна менш – каля 2%. Экспэрты дасьледавалі стан здароўя ўцекачоў у некалькіх дзясятках краін. Яны зусім не прывозяць небясьпечных захворваньняў, не зьяўляюцца таксама цяжарам для сыстэм аховы здароўя ў тых дзяржавах, якія іх прымаюць. На момант прыбыцьця яны часьцяком нават здаравейшыя, чым карэнныя жыхары краіны. Радзей хварэюць на такія хваробы, як ракавыя пухліны, інфаркт ці інсульт. Але празь нейкі час, пераважна прыкладна празь пяць гадоў пасьля прыезду, яны пачынаюць пакутаваць ад такіх жа хваробаў, як жыхары Эўропы. Яны таўсьцеюць, часьцей пакутуюць ад гіпэртаніі, хвароб сэрца ды рака. Прычына ў тым, што жывуць як правіла ў кепскіх умовах, мала рухаюцца, а іх дыета рэзка пагаршаецца. Акрамя таго, у іх абмежаваны доступ да сыстэмы аховы здароўя.

У сваю чаргу сярод уцекачоў сапраўды часьцей можна сустрэць заразныя хваробы, паколькі яны часта падарожнічаюць у Эўропу ў антысанітарных умовах. Тым ня менш, яны рэдка заражаюць гэтымі хваробамі карэнных жыхароў. Таксама псыхічны стан здароўя ў іх дрэнны. У многіх уцекачоў назіраецца дэпрэсія, хранічны страх ці посттраўматычны сындром.

Gazeta Wyborcza/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт