Ніхто ня ведае, колькі дабавак у ежу, якія пазначаюцца сымбалям «Е», за год спажывае сярэднестатыстычны паляк. Вытворцы заяўляюць, што польскія прадукты бясьпечныя. У сваю чаргу навукоўцы і дыетолягі б’юць трывогу: вялікая колькасьць фарбавальнікаў, кансэрвантаў і разрыхляльнікаў можа выклікаць цяжкія хваробы, а нават сьмерць.
Вышэйшая палата кантролю (ВПК) дасьледавала на прысутнасьць хімічных дабавак 500 прадуктаў харчаваньня. Толькі ў 10% не было ніякага дадатку, а ў сярэднім у кожным прадукце было 5 відаў розных хімічных рэчываў. Рэкардсмэнам аказалася каўбаса «сьлёнска», у якой выяўлена 19 «Е».
Сёньня Эўрапейскі Зьвяз дазваляе 330 рознага віду «Е». Сьпіс прадуктаў, у якіх іх нельга выкарыстоўваць, вельмі кароткі. Гэта кава, ліставы чай, мёд, масла, пастэрызаванае і стэрылізаванае малако, мінэральная вада.
Прафэсар Марэк Нарушэвіч з Варшаўскага ўнівэрсытэту падкрэсьлівае, што дабаўкі ў ежу гэта вельмі небясьпечная рэч. Фарбавальнікі Е-123, Е-110, Е-122 могуць выклікаць алергію, Е-120 (карміновая кіслата), Е-129 могуць выклікаць анафіляктычны шок і нават сьмерць. Нітраты і нітрыты, якіх шмат дабаўляюць у вяндліны, выклікаюць рак. Прафэсар Нарушэвіч патрабуе, каб на ежы, якая зьмяшчае небясьпечныя «Е», абавязкова папярэджваць, што тавар можа выклікаць алергію.
Якім чынам абараняць сваё здароўе? – Пазьбягаць гатовай ежы, тым больш, што ў ёй шмат цукру, солі, тлушчу. Асновай здаровага харчаваньня павінны зьяўляцца агародніна, крупы, макароны, рыс, семя, арэхі, фрукты, хлеб з праверанай крыніцы, добрай якасьці алеі, – раіць Катажына Печыньска, дыетоляг Фонду Школа на відэльцу, які імкнецца ўкараніць сярод школьнікаў здаровыя навыкі харчаваньня.
Wprost/яс