На моры прайшоў шторм, вада выкінула кіляграмы бурштыну
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
08.01.2019 13:21
Старацеляў «балтыйскага золата» прыцягвае прыгода і надзея падзарабіць.
photo: www.pixabay.com/JacekAbramowicz/CC0 Creative Commons
«Gazeta Wyborcza» інфармуе пра янтарную ліхаманку на ўзьбярэжжы Балтыйскага мора. Калі ў першыя дні года на Балтыцы прайшоў шторм, мора выкінула кіляграмы бурштыну. Аматары гэтай каштоўнай сыравіны выходзяць па пляжы ў непрамакальных ботах са спэцыяльнымі сеткамі, якімі разграбаюць пясок. Шукаюць ня толькі ў дзень, але таксама ноччу пры дапамозе ўльтрафіялетавых лямпаў, дзякуючы якім янтар сьвеціцца ў вадзе.
Старацеляў гэтак званага «балтыйскага золата» прыцягвае ня толькі прыгода, але таксама надзея падзарабіць. За кіляграм бурштыну можна атрымаць ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх тысяч злотых. Акрамя таго, пошук сыравіны цяпер адбываецца ў аблегчаным парадку, паколькі дзякуючы зьмене прававых нормаў ня трэба ўжо атрымліваць дазвол і плаціць за яго мясцовым уладам.
Апошнія штормы мелі моц звыш 10 балаў па шкале Бофарта, вецер дзьмуў з поўначы (у напрамку берагоў), што здараецца рэдка. Ювэліры цешацца, што ў іх рукі трапіць шмат прыгожага бурштыну. Бліжэйшы летні сэзон на ювэлірным рынку будзе багаты цікавымі вырабамі. Польшча зьяўляецца самым буйным вытворцам біжутэрыі з балтыйскага янтару. Вырабы трапляюць на рынкі Кітая, ЗША, краін Заходняй Эўропы. На ўзьбярэжжы дзейнічае каля 2 тыс. фірмаў, якія займаюцца перапрацоўкай бурштыну.
Gazeta Wyborcza/нг