Logo Polskiego Radia
Print

Зьнікаючыя мовы ня выратуюць адныя толькі навукоўцы

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 03.01.2019 15:15
Апошнія тры гады ажыцьцяўляшся праект, прысьвечаны ажыўленьню зьнікаючых моваў.
Назва мясцовасьці па-польску і па-кашубскуНазва мясцовасьці па-польску і па-кашубскуBy Aotearoa - Praca własna, CC BY 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=19539746

«Зьнікаючыя мовы ня могуць выратаваць адныя толькі навукоўцы, павінны быць уцягнутыя ў гэты працэс мясцовыя супольнасьці і носьбіты дадзенай мовы», – зазначае прафэсар Юстына Олька (Justyna Olko) з Варшаўскага ўнівэрсытэта. Вучоная апошнія тры гады каардынавала праект, прысьвечаны ажыўленьню зьнікаючых моваў. Сярод іншага, праект ахопліваў выратаваньне вілямоўскай мовы. У цяперашні час у мястэчку Вілямовіцэ ў Сілезіі жыве ледзь 20 чалавек, якія ведаюць гэтую мову. Мова, падобная на нямецкую, узьнікла ў XІІІ ст., а пасьля вайны польскімі ўладамі была афіцыйна забароненая, карыстальнікі паддаваліся жорсткаму перасьледу.

Цікава, што ў цяперашні час на тэрыторыі Польшчы існуюць 17 карэнных моваў. Адзначым, што гэта ня ёсьць разнавіднасьці польскай мовы. Бальшыня гэтых моваў, як вілямоўская ці лэмкоўская, знаходзяцца пад пагрозай зьнікненьня.

У праект «Гуманітарныя навукі актыўныя ў Эўропе» былі задзейнічаны супрацоўнікі Варшаўскага ўнівэрсытэта, галяндзкага Лэйдэнскага ўнівэрсытэта і Лёнданскага ўнівэрсытэта.

У Польшчы праект ахопліваў такія моўныя меншасьці, як вілямавяне, лэмкі, сылезцы, кашубы і мазуры. Акрамя гэтага, нацменшасьці ў Мэксыцы, ЗША, Бразыліі ці Тайляндзе.

«Абшчыны, якія мы дасьледавалі, паступова пакідалі сваю родную мову. Вельмі часта гэта было вынікам шматгадовых ганеньняў і дыскрымінацыі з боку людзей, якія размаўлялі на дамінуючай мове дадзенай краіны. У выніку бацькі ня хочуць вучыць роднай мове сваіх дзяцей», – патлумачыла прафэсар Олька.

Няма ўнівэрсальнага мэтаду на ратаваньне мовы, бо калі ў выпадку вілямоўскай мовы барацьба ідзе за кожнага носьбіта, то ў выпадку, напрыклад, кашубаў трэба нейкім чынам схіліць носьбітаў карыстацца мовай дома.

Асноўнай мэтай праекту ратаваньня мовы зьяўляецца менавіта пашырэньне яе выкарыстаньня дома, у школе, у культурным жыцьці, грамадзкіх кантактах, і нават на працы.

Мовы паміраюць, таму што лічацца альбо крыніцай пакут і перасьледу, альбо проста бескарыснымі, без эканамічнай каштоўнасьці ў сучасным сьвеце. «Адной з умоваў актывізацыі зьяўляецца адмена адмоўнай канатацыі, зьвязанай з мовай, трэба таксама растлумачыць, што мова зьяўляецца каштоўнасьцю», – зазначае прафэсар Олька.

У рамках праекту ладзіліся моўныя курсы, летнія школы, дасьледчыцкія экспэдыцыі. Сярод іншага, на вілямоўскай мове адбылася пастаноўка п’есы «Хобіт». У ролях выступілі маладыя жыхары мястэчка Вілямовіцэ, якія вывучаюць мову продкаў.

PAP/Катажына Флярэнцка/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт