Logo Polskiego Radia
Print

Якую ёлку лепш купіць - жывую ці штучную?

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 22.12.2018 09:00
Лепш за ўсё набыць ёлку, вырубленую ў звычайным лесе.
pixabay.com

Тэма, якая кожны год паяўляецца ў друку перад сьвятамі Раства і Новым годам. Якую ялінку найлепш купіць – жывую, штучную, з лесу, з плянтацыі?

Тэмай заняўся часопіс «Sieci». Калісьці, калі на сьвеце было менш плястыку, лічылася, што больш карысна для асяродзьдзя набыць штучную ёлку, дзякуючы чаму ня трэба вырубаць лес. Цяпер жа, калі гара плястмасы стала адной з самых вялікіх пагрозаў для экалёгіі, гэта ўжо ня так ясна.

Канешне, калі ў кагосьці ёсьць штучная ёлка, якую ён ужо шмат гадоў ставіць на сьвяты, то хай яе ўпрыгожвае з прыемнасьцю і далей. А калі няма, то трэба падумаць, ці ня лепш купіць жывую. Ёлкі ў Польшчу прывозяць пераважна з гадоўлі ў Даніі, Галяндыі ды Нямеччыне. Ёлка з плянтацыі – гэта іншая разнавіднасьць, чым тая, што расьце ў нашых лясах. Пераважна гандляры прадаюць каўкаскую піхту, якая практычна не асыпаецца. Загана такога дрэўка – яно не пахне, няма такога водару, як ад піхтаў, што растуць у польскіх лясах.

Ёлкі на плянтацыях гадуюць зусім інакш, чым яны растуць у натуральных умовах. Там няма месца для жывёл, насякомых, грыбоў. На плянтацыях выкарыстоўваюць хімічныя сродкі, якія адмоўна ўплываюць на асяродзьдзе. Таму лепш купіць ёлку са звычайнага лесу. Справа ў тым, што ў кожным лесе неабходна чысьціць маладняк, праводзіць прафіляктычную выразку некаторых маладых дрэваў. Лесу гэта ня шкодзіць, а нават памагае.

Калі ж мы вырашаем купіць жывое дрэўца ў пасудзіне, трэба выбіраць сапраўды вялікія кадзі, паколькі ў малых у ёлкі абрэзаныя карані, і яна не прыжывецца ў садзе. Раней добра было б пачытаць, якую разнавіднасьць ёлкі выбраць, каб яна сябе добра адчувала ў натуральным асяродзьдзі. Найлепш выбіраць тыя гатункі, якія растуць таксама ў нашых лясах, напрыклад, звычайную ёлку або звычайную піхту.

Sieci/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт