Logo Polskiego Radia
Print

Ешце як мага часьцей буракі на здароўе!

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 24.11.2018 13:20
Буракі маюць мала кілякалёрый, але даюць нам шмат вітамін і мікраэлемэнтаў.
фото: pixabay.com/domena publiczna

Буракі – гародніна, вядомая ўсім у нашай частцы сьвету. Здавалася б, банальная гародніна, якую гаспадыні як правіла сарамліва хаваюць у баршчы. Больш модная нейкая заморская зелень. Але, як кажуць палякі, чужое хваліце, свайго ня ведаеце. Варта часьцей ставіць на стол стравы з бурака. Аб карысьці для здароўя гэтага прадукту напісана ў дадатку «Толькі здароўе» выданьня «Gazeta Wyborcza».

Буракі маюць мала кілякалёрый, але пры гэтым даюць нам шмат вітамін і мікраэлемэнтаў. Гэта добрая крыніца вітамін з групы Б, якія зьмяншаюць нэгатыўнае ўзьдзеяньне стрэсу, а таксама магнію, які пазытыўна ўплывае на нэрвовую сыстэму. Бурак багаты натуральнымі нітратамі, якія паляпшаюць працу мазгоў.

Сярод любіцеляў бегаць цяпер модна піць сок з буракоў, які дае энэргію, такі сок можа таксама дапамагаць змагацца з дэпрэсіяй. Буракі ўтрымліваюць жалеза, неабходнае дзеля таго, каб арганізм вырабляў чырвоныя крывінкі, якія зьяўляюцца адным з важнейшых інструмэнтаў нашай імуннай сыстэмы. Таксама, як іншая гародніна, буракі маюць шмат харчовых валокнаў, якія дапамагаюць клапаціцца пра здароўе кішэчніка.

Цёмны колер буракоў сьведчыць аб высокім утрыманьні фляваноідаў, якія маюць супрацьзапальныя, антыаксыдацыйныя, антыракавыя ўласьцівасьці. Гішпанскія вучоныя заявілі, што буракі ўваходзяць у лік дзесяці розных відаў гародніны, якія зьяўляюцца самым моцным антыаксыдантам, што дазваляе змагацца са старэньнем клетак. Буракі маюць таксама натуральны кансэрвант, дзякуючы чаму стравы з бурака доўга не псуюцца.

Gazeta Wyborcza/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт