У гэтыя дні жыхары Польшчы ды палякі за мяжою вельмі шырокамаштабна і ўрачыста адзначаюць стагодзьдзе абвяшчэньня незалежнасьці польскай дзяржавы. Гэта выключная нагода для радасьці – стагодзьдзе здараецца ня часта. Таму, у гэты выключны час я вырашыла прадставіць вашай увазе выключную песьню – гімн польскай дзяржавы.
Гімн – гэта «Мазурак Дамброўскага» (Mazurek Dąbrowskiego), патрыятычная кампазыцыя, напісаная ў 1797 годзе, верагодней за ўсё польскім паэтам, пісьменьнікам і палітычным дзеячам Юзэфам Выбіцкім (Józef Wybicki). Каб зразумець тэкст песьні, трэба ведаць гісторыю польскіх зямель тых часоў. Пасьля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Польшча практычна перастала існаваць – яе тэрыторыю падзялілі паміж сабою тры імпэрыі – Расея, Прусія і Аўстрыя. Генэрал князь Ян Генрык Дамброўскі па дазволе імпэратара Францыі Напалеона Банапарта заснаваў у Італіі польскія легіёны, у склад якіх уваходзілі польскія жаўнеры, якія былі прымушаныя раней пакінуць сваю Айчыну ў выніку захопу яе трыма дзяржавамі. Палякі тады яшчэ марылі, што гэтым войскам удасца заваяваць незалежнасьць Польшчы разам з арміяй Напалеона, якая будзе рухацца на ўсход.
Трэба сказаць, што сучасная вэрсія гімну даволі значна адрозьніваецца ад арыгіналу Юзэфа Выбіцкага. Па-першае, тэкст быў скарочаны, па-другое, ён крыху зьменены. У нас няма магчымасьці прадставіць абодва тэксты з-за абмежаванага эфірнага часу, таму прапаную вашай увазе толькі афіцыйную вэрсію гімну ў выкананьні мужчынскага хору.
Jeszcze Polska nie zginęła,
kiedy my żyjemy.
Co nam obca przemoc wzięła,
szablą odbierzemy.
Marsz, marsz, Dąbrowski,
z ziemi włoskiej do Polski.
Za twoim przewodem
złączym się z narodem.
Przejdziem Wisłę, przejdziem Wartę,
będziem Polakami.
Dał nam przykład Bonaparte,
jak zwyciężać mamy.
Jak Czarniecki do Poznania
po szwedzkim zaborze,
dla ojczyzny ratowania
wrócim się przez morze.
Już tam ojciec do swej Basi
mówi zapłakany:
«słuchaj jeno, ponoć nasi
biją w tarabany».
Яшчэ Польшча не загінула, калі мы жывем. Што ў нас чужынцы гвалтам забралі, мы шабляй адбяром. Марш, марш Дамброўскі, з італьянскай зямлі ў Польшчу. Пад тваім кіраваньнем мы аб’яднаемся з народам.
Пяройдзем Віслу, пяройдзем Варту, будзем палякамі. Даў нам прыклад Банапарт, як нам трэба перамагаць.
Як Чарнецкі ў Познань пасьля швэдзкай акупацыі, дзеля ратаваньня Айчыны мы вернемся праз мора. Ужо там бацька да сваёй Басі гаворыць заплаканы «Слухай, гэта, быццам бы нашы б’юць у барабаны».
Jeszcze Polska nie zginęła kiedy my żyjemy – яшчэ Польшча не загінула, калі мы жывем. Многія памыляюцца і кажуць «póki my żyjemy» – пакуль мы жывем.
Z ziemi włoskiej do Polski – з італьянскай зямлі ў Польшчу. Мазурак Дамброўскага быў напісаны ў Італіі, ён павінен быў заахвочваць жаўнераў польскіх легіёнаў да барацьбы за свабоду, і такую менавіта функцыю выконваў у легіёнах, а таксама падчас нацыянальных паўстаньняў супраць акупанта ў 19-ым стагодзьдзі.
Marsz, marsz, Dąbrowski – марш, марш, Дамброўскі. Генэрал Ян Генрык Дамброўскі быў сябрам Юзэфа Выбіцкага, які сьвята верыў, што польскім легіёнам удасца вярнуць незалежнасьць Польшчы.
Dał nam przykład Bonaparte jak zwyciężać mamy – Напалеон Банапарт зусім інакш успрымаецца ў Польшчы, чым у Расеі. Расейцы памятаюць, што ён ваяваў супраць іх краіны ў 1812 годзе, захапіў Маскву, але гэтая перамога дорага яму абышлася – разгромам францускага войска. А ў Польшчы існуе гістарычная памяць, што польскія жаўнеры верылі – толькі Напалеон дазволіць ім аднавіць незалежнасьць. Дарэчы, з такімі словамі францускі імпэратар зьвяртаўся да польскіх салдат. «Для маіх палякаў няма немагчымых рэчаў» – быццам бы заявіў Напалеон пасьля адной зь бітваў, у якой удзельнічалі польскія салдаты. Падчас ваеннай экспэдыцыі на Маскву ў 1812 годзе ў склад вялікай арміі ўваходзіў поўнасьцю польскі пяты корпус (36 тыс. чалавек).
Jak Czarnіecki do Poznania po szwedzkim zaborze – гаворка ідзе пра польска-швэдзкую вайну 1655-60 гг. Палякі называюць яе «Швэдзкі патоп». Выбітным камандзірам гэтай вайны быў польскі шляхціц Стэфан Чарнецкі, яму ўдалося перамагчы нямала бітваў са швэдамі, між іншым яго войскі перамаглі ў бітве пад Варкай.
Słuchaj jeno, рonoć nasi biją w tarabany – паслухай толькі, быццам бы нашы б’юць у барабаны. Jeno – гэта састарэлае слова, якое можна перакласьці на сучасную мову як «толькі». Тарабан – тое ж самае, што і барабан, гэта выраз турэцкага паходжаньня, а ў польскую мову прыйшоў верагодней за ўсё праз украінскую.
нг