Logo Polskiego Radia
Print

Музычны ўрок польскай мовы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 04.10.2018 13:59
  • Szare miraże Maanam.mp3
"Шэрыя міражы" гурту Маанам і Коры (Вольгі Яцкоўскай-Сіповіч).
www.pixabay.com

Зусім нядаўна Польшча разьвіталася з адной з самых вядомых рок-вакалістак краіны: Корай (Вольгай Яцкоўскай-Сіповіч), а я хачу сёньня вярнуцца да яе творчасьці. Кора была вакалісткай гурту Маанам, легенды польскай рок-сцэны. Раскажу коратка пра гісторыю стварэньня гэтай групы.

Калектыў быў заснаваны ў Кракаве ў сярэдзіне 70-ых гадоў мінулага стагодзьдзя. Спачатку гэта быў дуэт Марэка Яцкоўскага і Мілё Курціса «М-а-М», які выконваў арыентальную музыку. Неўзабаве пасьля заснаваньня групы ў яе склад увайшла жонка Яцкоўскага – Кора, зьмяніўся назоў на «Маанам Электрычны Душ», які сымбалізаваў пераход да рок-музыкі, а пазьней назоў быў скарочаны да «Маанам».

Ужо на пачатку 80-ых група заваявала вялізную папулярнасьць, даючы на працягу году нават 500(!) канцэртаў, напрыклад, здарылася, што ў варшаўскай Залі кангрэсаў гурт выступіў тры разы ў адзін і той жа дзень. Другі альбом групы пад назваю «О!» быў заказаны ў мільёне паасобнікаў, хаця па тэхнічных прычынах удалося выдаць толькі 300 тыс., што і так вельмі шмат для польскага музычнага рынку.

У 80-ыя гады гурт запісваў таксама кампазыцыі на іншых мовах. Пераважна па-ангельску, даваў шмат замежных канцэртаў – у Нямеччыне, Галяндыі. Фірма гуказапісу, з якой супрацоўнічаў калектыў, вырашыла нават прасоўваць яго ў Савецкім Саюзе. Быў заплянаваны канцэрт у Маскве, але Кора адмовілася выступаць у СССР, што выклікала міжнародны скандал і закончылася забаронай граць песьні Маанам у польскіх радыёстанцыях, праўда, праз некалькі месяцаў забарона была зьнятая па просьбах фанаў.

У 1984 годзе Кора разьвялася з Яцкоўскім, зьвязалася з мэнэджэрам гурту Камілем Сіповічам, у выніку стары калектыў таксама распаўся. Канешне ж, Кора не перастала сьпяваць і запісваць песьні. А ў 1991 годзе калектыў вяртаецца на рок-сцэну. Гурт запісвае чарговыя кружэлкі, некаторыя з якіх мелі крыху іншы характар, былі больш лірычныя, чым ранейшыя. Група перастала існаваць з канцом 2008 году, а ў ліпені 2018 году вакалістка гурту Кора Яцкоўская-Сіповіч памерла ад рака яечніка.

А я прапаную вашай увазе песьню гурту Маанам, запісаную на піку папулярнасьці групы, у 1980 годзе. Называецца кампазыцыя «Szare miraże» (Шэрыя міражы).

Tylko dlatego, że jesteś nikim

Możesz pogadać z drugim człowiekiem

Życie bogate, pełne sekretów

W szarym człowieku, w szarym człowieku

Oszczędne słowa, twarze, uśmiechy

Nie mów za dużo szary człowieku

Choć jesteś nikim takim pozostań

Szare sekrety dla mnie pozostaw

Tysiące twarzy, setki miraży

To człowiek tworzy metamorfozy

Tysiące twarzy, setki miraży

To człowiek tworzy metamorfozy

Tysiące twarzy, setki miraży

To człowiek tworzy metamorfozy

Metamorfozy

Metamorfozy

Metamorfozy

Metamorfozy

I tajemnicą niech pozostanie

Co zwykle jadasz na śniadanie

I czy w tygodniu kochasz się

Razy siedem czy też pięć

Twój dom wśród setek innych domów

Z szarymi drzwiami, z szarym balkonem

Jeśli cię dręczą szare sny

Zapukaj do mych szarych drzwi

Толькі таму, што ты ніхто, можаш паразмаўляць з другім чалавекам. Жыцьцё багатае, поўнае сакрэтаў у шэрым чалавеку, шэрым чалавеку. Ашчадныя словы, твары, усьмешкі. Не гавары зашмат, шэры чалавек. Хоць ты ніхто, такім застанься, шэрыя сакрэты пакінь для мяне.

Тысячы твараў, сотні міражоў, гэта чалавек стварае мэтамарфозы... Мэтамарфозы. Мэтамарфозы...

І таямніцай хай застанецца, што ты звычайна еш на сьнеданьне. І ці на тыдзень займаесься каханьнем сем разоў ці пяць. Твой дом сярод сотняў іншых дамоў з шэрымі дзьвярыма, з шэрым бальконам. Калі цябе мучаць шэрыя сны, пастукай у мае шэрыя дзьверы.

Тэкст гэтай песьні напісала сама вакалістка – Кора, музыку – Марэк Яцкоўскі. Дарэчы, нельга забываць, калі ён быў напісаны – на самым пачатку 80-ых, калі сапраўды ў Польшчы панавала шэрасьць ва ўсім, як у вопратцы людзей, так і ў галовах палітыкаў. Гэта быў нялёгкі час для краіны і для яе жыхароў, перад увядзеньнем ваеннага становішча. Пераходзім да разгляду тэксту.

Możesz pogadać – можаш пагутарыць, можаш пагаварыць. Слова gadać азначае «праводзіць лёгкую гутарку, штодзённую размову».

Co zwykle jadasz na śniadanie – што звычайна ты еш на сьнеданьне. Тут трэба адзначыць, што выкарыстаны дзеяслоў незакончанага трываньня, у якога няма адпаведніка на беларускай мове. Па-польску можна сказаць jeść i jadać. Jeść – гэта, зразумела, есьці, а вось jadać азначае «есьці рэгулярна, раз у нейкі час», напрыклад, на сьнеданьне або на абед два разы ў тыдзень або нават кожны дзень.

Na śniadanie zazwyczaj jadam (jem) owsiankę – На сьнеданьне я звычайна ем аўсяную кашу.

Czy w tygodniu kochasz się – ці ў тыдні ты займаесься каханьнем. Kochać się – гэта тое ж самае, што і займацца сэксам (uprawiać seks), але хіба кожны згодзіцца, што гучыць значна лепш і прыгажэй. Праўда, не ў кожным выпадку гэтае словазлучэньне азначае сэкс. Напрыклад, калі хтосьці кажа «My się kochamy», а ў дадзены момант ніхто не бачыць яго ў ложку з іншым чалавекам, то гэта азначае, што дадзеныя людзі кахаюць адзін аднаго, яны закаханыя.

Jeśli cię dręczą szare sny – калі цябе мучаць шэрыя сны. Dręczyć – гэта мучыць, а dręczyć się – мучыцца, пакутаваць. Звычайна людзей zadręczają нэгатыўныя думкі.

Zapukaj do mych szarych drzwi – пастукай у мае дзьверы. Pukać – гучыць для беларуса даволі сьмешна, але гэты выраз не азначае нічога большага, чым беларускае «стукаць».

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт