Logo Polskiego Radia
Print

Чаму так цяжка кінуць паліць?

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 29.09.2018 09:15
У сярэднім курцы кідаюць гэтую дрэнную звычку восем разоў.
pixabay.com/CC0 Creative Commons/HansMartinPaul

У выданьні «Wprost» гутарка з тэрапэўткай з Тэлефоннай кансультацыі дапамогі курцам з варшаўскага цэнтру анкалёгіі Катажынай Пінкош. Гаворка ідзе пра тое, чаму так цяжка кінуць паленьне. На думку тэрапэўта, так адбываецца таму, што неабходна справіцца як з фізычнай, так і псыхічнай залежнасьцю ад нікатыну. Паводле статыстыкі, курэц у сярэднім робіць восем спробаў кінуць паліць перад тым, як яму гэта ўдасца. Канешне, ёсьць людзі, якім удаецца за першым заходам, а іншым трэба яшчэ больш часу.

Няма аднаго мэтаду кінуць паліць, кожны чалавек іншы. Падчас гутаркі ў кансультацыі тэрапэўты стараюцца даведацца, колькі чалавек паліць у дзень, ці спрабаваў ужо кінуць, колькі пратрымаўся. Часьцей за ўсё людзі кажуць, што ім не хапае сілы волі. Тым ня менш, кожны з іх калісьці справіўся зь нейкай жыцьцёвай праблемай, таму ў кожнага ёсьць шанец кінуць паліць, – кажа тэрапэўтка.

А калі мы самі хочам зрабіць гэты важны крок, з чаго лепш пачаць? Перш за ўсё неабходна прааналізаваць, у якіх сытуацыях нам хочацца запаліць, ці цыгарэта забівае нуду, суцяшае ў цяжкія хвіліны, зьяўляецца матывіроўка да працы. Гэта важна, паколькі цыгарэту трэба чысьці замяніць. Пазьней варта падумаць, на колькі мы залежныя ў біялягічным пляне. Галоўны паказчык – праз які час пасьля прабуджэньня нам хочацца запаліць. Калі гэта менш, чым палова гадзіны, то гэта можа сьведчыць пра біялягічную залежнасьць. Калі сапраўды такая залежнасьць існуе, то чалавек можа перажываць моцныя фізычныя сымптомы, калі адмовіцца ад нікатыну.

Ёсьць людзі, якія паляць толькі час ад часу, ці яны могуць трапіць у залежнасьць? На жаль, так, – гучыць адказ. Ёсьць асобы, якія пачалі рэгулярна паліць ва ўзросьце 30-40 гадоў, а раней запальвалі цыгарэту толькі зрэдку.

Часта курцы пераходзяць на электронныя цыгарэты. Ці гэта добрая ідэя? Няма дасьледаваньняў, якія паказваюць, што такія цыгарэты ня шкодзяць здароўю. Акрамя таго, далей застаецца залежнасьць ад нікатыну або псыхічная залежнасьць ад працэсу паленьня. Так што лепш не шукаць такіх сурагатаў. З іншага боку, ёсьць нямала добрых лякарстваў, якія дапамагаюць расстацца з цыгарэтамі. Тым ня менш, перад пакупкай у аптэцы нейкіх сродкаў, нават даступных без рэцэпту, лепш прайсьці кансультацыю ў лекара. Дарэчы, усё больш дактароў праходзіць адмысловую падрыхтоўку ў лячэньні залежнасьці ад нікатыну, – кажа тэрапэўт Катажына Пінкош.

Wprost/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт