Дзе больш за ўсё мільярдэраў
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
18.08.2018 09:16
8 самых багатых асоб сьвету мае столькі, колькі 3,6 млрд. жыхароў плянэты.
Photo: QuinceMedia/pixabay.com/CC0 Public Domain
Выданьне «Sieci» піша пра маёмасьць людзей на сьвеце. Паводле дасьледаваньняў, праведзеных аналітыкамі Credit Suisse, у сярэднім адзін чалавек на плянэце мае 56540 даляраў, гэта прыкладна столькі, колькі каштуе ў Варшаве кватэра ў 40 кв. мэтраў.
Гэта, канешне ж, капейкі ў параўнаньні з тым, колькі складае маёнтак самых багатых асоб. Эліта, мільярдэры, – гэта каля 2% папуляцыі. Найбольш іх у ЗША (565), Кітаі (319) і Нямеччыне (114). У Польшчы – 6.
Згодна актуальнаму дакладу амэрыканскага выданьня Forbes, самы багаты чалавек сьвету – заснавальнік кампаніі Amazon Джэф Бэзос. Яго багацьце ацэньваецца ў 112 млрд. даляраў. На другім месцы – стваральнік Microsoft Біл Гэйтс (90 млрд). Яго маёнтак вырас на працягу году на 4 млрд, гэта столькі, колькі складае ўсё багацьце Себасьцьяна і Дамінікі Кульчык, самых заможных палякаў.
У чым багачы трымаюць свае грошы? Зусім не на банкаўскіх рахунках або ў золаце ці серабры. Кошт манэт і банкнотаў аналітыкі ацэньваюць у 7,6 трыльёна даляраў, банкаўскія рахункі – 90 трыльёнаў, значна больш грошай утрымліваецца ў гэтак званых паходных фінансавых інструмэнтах. Вялікім попытам карыстаецца таксама біржа каштоўных папер, галоўным чынам ЗША, краін ЭЗ ды Японіі. Адной з самых папулярных формаў інвэстыцыі сярод багацеяў зьяўляецца ўкладваньне сродкаў у нерухомую маёмасьць. У што яшчэ інвэстуюць багатыя? У гандлёвыя цэнтры, гатэлі, сядзібы сваіх кампаній.
Сусьветнае багацьце павялічваецца, але вялізны адсотак грошай знаходзіцца ў руках жменькі людзей. Звыш 80% багацьця канцэнтруецца ў руках менш чым 1% багацеяў. Толькі 8 самых багатых асоб сьвету мае столькі, колькі 3,6 млрд. жыхароў плянэты. Фінансавая сыстэма, відаць, спрыяе багатым асобам.
Sieci/нг