У Польшчы жыве каля 5 тыс. асоб, якім больш за 100 г.
PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak
10.08.2018 14:01
Кожны чалавек, якому споўнілася сто гадоў, можа атрымаць адмысловую прэмію.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:pixabay.com/CC0 Public Domain
У Польшчы жыве амаль пяць тысяч чалавек, якім сто гадоў і больш – піша "Gazeta Wyborcza". Іх жыцьцё не было лёгкім - перажылі дзьве сусьветныя вайны, як правіла працавалі вельмі цяжка. Напрыклад, спадарыня Марыяна Жэброўская з вёскі Ясеньніца-Парцэле адсьвяткуе соты юбілей 26 жніўня. Яна вырасьціла чацьвярых дзяцей, працавала ў гаспадарцы, для яе нават такія элемэнтарныя рэчы, як тэлевізар і сотавы тэлефон - гэта нешта падазронае. Жанчына ня ўмее сядзець без справы і глядзець тэлебачаньне. Можа, у гэтым сакрэт доўгага жыцьця – шмат працы і адсутнасьць нуды?
У Польшчы кожны чалавек, якому споўнілася сто гадоў, можа атрымаць адмысловую грашовую прэмію, цяпер гэта роўна тысяча даляраў ЗША ў эквіваленце (3731,13 зл.). Выплату атрымліваюць ня толькі пэнсіянэры, але таксама асобы, пераважна жанчыны, якія ніколі не працавалі (бо, скажам, займаліся дзецьмі і домам) і не атрымліваюць пэнсіі.
Па традыцыі найбольш доўгажыхараў жыве ў Японіі, дзе людзі шмат рухаюцца, зусім інакш харчуюцца, ніколі не аб’ядаюцца. У Японіі старыя асобы карыстаюцца асаблівай пашанай з боку іншых. У Польшчы доўгажыхараў намнога менш. Але і тут мяжа пакрысе перасоўваецца, усё больш людзей, якім 80-90 гадоў і больш.
Gazeta Wyborcza/нг