Logo Polskiego Radia
Print

Коні ў стане запамятаць і распазнаць свайго ката

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 26.07.2018 13:16
Коні «чытаюць» на твары чалавека яго эмоцыі і памятаюць, якім ён быў раней.
pixabay.com/Public Domain CC0

Надоечы даказалі гэта ангельскія дасьледчыкі.

У стайні блізу ангельскага гораду Портсмут псыхолягі жывёл правялі экспэрымэнт. Яны паказвалі каням здымкі людзей, на якіх яскрава былі бачныя іх эмоцыі – радасьць, злосьць і г.д. Затым коні на некалькі гадзін вярнуліся да сваіх звычайных заняткаў. Пад канец дня, калі ў стайню прыйшлі людзі, якіх коні раней бачылі на здымках, жывёла не забыла, якімі яны былі на фота.

Коні рэагавалі на асобных людзей адпаведна таму, што яны ўбачылі раней на здымках, хаця гэтыя асобы цяпер не праяўлялі ніякіх эмоцый.

Калі недалёка ад каня праходзіў чалавек, які на фота быў разгневаны, жывёла глядзела на яго левым вокам – гэта значыць так, як глядзяць на зьяву ці рэч, якія выклікаюць адмоўныя асацыяцыі. А калі праходзіў чалавек, які на здымку ўсьміхаўся, конь кіраваў цэлую галаву на яго, або глядзеў правым вокам. Гэта сьведчыла аб добрых адносінах жывёлы да гэтай асобы.

Па выніках гэтага экспэрымэнту вучоныя зрабілі выснову, што коні памятаюць эмоцыі і праз нейкі час таксама ведаюць, што ў мінулым дадзены чалавек спрычыніўся да нэгатыўных эмоцый.

У іншых жывёл такіх здольнасьцей вучоныя ня выявілі.

Два гады таму Эмі Сміт з University of Sussex заўважыла, што калі конь бачыць разгневанага чалавека, то ня толькі паварочваецца да яго левай часткай галавы, але акрамя гэтага таксама ў яго пачынае хутка біцца сэрца і павышаецца ціск.

Вучоныя заўважылі таксама, што коні для дэманстрацыі эмоцый выкарыстоўваюць падобныя групы мышцаў твару, што шымпанзэ і людзі. У коней вучоныя выдзелілі 17 далікатных грымас.

Нэрвовыя сытуацыі коні пераносяць як людзі. На іх дрэнна ўплывае адсутнасьць цесных сувязяў у статку, а таксама агрэсіўны гаспадар – адзначае ў сваёй працы француская вучоная праф. Martine Hausberger. Дасьледчыца заўважыла, што коні, на якіх чалавек крычыць, або якіх б'юць, знаходзяцца ў стане апатыі. Калі такі стан працягваецца, конь пачынае хварэць на дэпрэсію і нэрвовыя хваробы таксама як чалавек.

Вучоныя даказалі, што коні не забываюць добрых апекуноў і таксама ніколі не забываюць тых, хто іх пакрыўдзіў.

Newsweek/Katarzyna Burda/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт