Logo Polskiego Radia
Print

Моладзь вучыцца разумна карыстацца інтэрнэтам

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 26.06.2018 14:28
  • Mądrzy cyfrowi.mp3
Праект атрымаў падтрымку кампаніі Google.org, якая фінансуе па ўсім сьвеце грамадзкія ініцыятвы.
pixabay.com/Public Domain CC0

Інтэрнэт, а тым больш розныя сацсеткі, маюць зусім няшмат гадоў, а многім людзям цяжка ўжо сабе ўявіць жыцьцё без доступу ў сусьветнае інфармацыйнае сеціва. Асабліва моладзь практычна несупынна «падключана» да інтэрнэту. Маладыя людзі, а нават дзеці вельмі хутка вучацца карыстацца рознымі электроннымі прыладамі, але гэта не азначае, што яны робяць гэта разумна. Адна з польскіх фундацый вырашыла дапамагчы моладзі карыстацца інтэрнэтам такім чынам, каб гэта прыносіла больш карысьці.

Цікава тое, што калісьці людзі ў віртуальным сьвеце паводзілі сябе крыху інакш, чым у сапраўдным жыцьці. Напрыклад, хтосьці заўважыў, што калі толькі пачыналі ўваходзіць сацсеткі, то чалавек, які быў у «віртуале» і хацеў на нейкі час з яго выйсьці, казаў пра гэта сваім суразмоўцам, напрыклад, высылаў паведамленьне «Я зараз вярнуся». А цяпер ніхто ўжо так ня робіць, бо доступ да сеціва з намі практычна пастаянна – інтэрнэт ёсьць у тэлефонах, якія мы ўвесь час носім з сабою. Няма ўжо двух розных сьветаў – віртуальнага і рэальнага, яны пераплятаюцца паміж сабой. Асабліва маладыя людзі ня бачаць розьніцы паміж быць off-line ці on-line. І таму Фундацыя ABC XXI падрыхтавала праект, які называецца «Разумныя лічбавыя». Галоўная мэта кампаніі – навучыць маладых людзей умела і разумна выкарыстоўваць інтэрнэт, сацсеткі, новую тэхналягічную базу, карыстацца інфармацыяй на практыцы, – распавядае старшыня фундацыі Ірэна Каміньска:

І. Каміньска: Тэхналёгія вельмі патрэбная, каб зьбіраць інфармацыю, неабходную для нейкага праекту, зьвязвацца з патрэбнымі нам асобамі. Сацсеткамі можна карыстацца, калі хочам правесьці ў грамадзтве нейкі праект, увесьці нейкія зьмены. Мы можам пры дапамозе інтэрнэту лягчэй праектаваць і ажыцьцяўляць зьмены.

У рамках праекту «Разумныя лічбавыя» моладзь даведаецца, між іншым, як праектаваць віртуальную рэчаіснасьць, пазнае базіс манціраваньня трохвымернага фільму, будзе працаваць над стварэньнем уласных прыкладаньняў. Як кажа арганізатар, пры гэтым нельга забываць пра ўнівэрсальныя каштоўнасьці.

І. Каміньска: Гаворка ідзе пра грамадзкую адказнасьць, каб людзі паважалі сябе ды іншых, каб іх учынкі былі адказныя, разумныя. Ня важна, ці мы размаўляем пра віртуальную рэчаіснасьць, ці рэальную, унівэрсальныя каштоўнасьці важныя і тут, і там. Дзякуючы розуму людзі імкнуцца рабіць дабро. Нельга імкнуцца да таго, каб кожнаю цаною быць эфэктыўным, каб зарабіць як мага боль кожнаю цаною. Не, мы павінны памятаць, што нашы рашэньні могуць выклікаць зьмены ў жыцьці іншых людзей. Трэба старацца, каб гэтыя рэзультаты былі пазытыўныя.

Праект атрымаў падтрымку кампаніі Google.org, установы, якая на ўсім сьвеце падтрымлівае карысныя грамадзкія ініцыятывы, зьвязаныя з разьвіцьцём новых тэхналёгій. Гаворыць старшыня Google.org Жаклін Фюлер.

Ж. Фюлер: Праз Фундацыю ABC XXI мы ўкладзем каля паўмільёна даляраў у гэтую праграму. Мы дапаможам праводзіць кампанію, каб школьнікі па ўсёй Польшчы навучыліся карыстацца інтэрнэтам, але такім чынам, каб пазьней маглі самі ствараць віртуальную рэчаіснасьць, пры гэтым будучы ў інтэрнэце бясьпечнымі і ставячыся з пашанаю да іншых людзей.

Такія праекты патрэбныя, паколькі маладым людзям не хапае ведаў аб тым, якім чынам карыстацца новымі тэхналёгіямі, – адзначае адказны за лічбавыя тэхналёгіі ў Польшчы прадстаўнік Эўрапейскай камісіі Гжэгаж Заёнчкоўскі.

Г. Заёнчкоўскі: Мы ўмеем граць, умеем пісаць на Мэсэнджэры, карыстацца Фэйсбукам ці іншымі сацсеткамі. Пры гэтым моладзь не ўмее выкарыстоўваць кампутар з карысьцю для сваёй працы, адукацыі, іншай дзейнасьці. Гэтая галіна ў нас адсталая, што было зьвязана з адсутнасьцю такіх урокаў у школе. Толькі нядаўна праграмаваньне было ўведзена ў першыя клясы базавай школы. Дзецям патрэбныя больш шырокія веды. Уменьне карыстацца новымі тэхналёгіямі – гэта ўменьне жыць у лічбавым сьвеце.

Новыя тэхналёгіі радыкальна зьмянілі спосаб прафэсійнай дзейнасьці. Мала хто ўжо стаіць цэлымі днямі каля станка, усё часьцей ад працаўнікоў патрабуюць ведаў, якія дазволяць свабодна карыстацца інтэрнэтам і ўсімі магчымасьцямі, якія ён дае. Згодна дакладу Эўрапейскай камісіі, у будучым 90% працоўных месцаў будзе зьвязана менавіта з працай, для якой неабходныя будуць веды ў галіне новых тэхналёгій.

ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт