Logo Polskiego Radia
Print

Каля 2,5 млн. палякаў залежныя ад відэагульняў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 19.06.2018 09:15
  • гульні.mp3
Залежнасьць ад гульняў унесеная ў лік псыхічных захворваньняў.
www.pixabay.com/CC0 Creative Commons

Паводле статыстычных дадзеных, у Польшчы каля 16 млн. чалавек гуляе ў відэагульні. З гэтага ліку ў прыкладна 15% ужо разьвілася залежнасьць ад гульняў ды інтэрнэту. Праблемай сур’ёзна занепакоеная Сусьветная арганізацыя аховы здароўя.

Кампутарныя гульні з кожным годам становяцца ўсё больш сучаснымі, цікавымі, а з-за гэтага яны прыцягваюць усё больш людзей, пераважна маладых і вельмі маладых. А тое, што дастаўляе прыемнасьць, хутка можа стаць залежнасьцю. Гэтая зьява ня новая, ад дадзенай залежнасьці пакутуе ўсё больш людзей. Па колькасьці кампутарных гульцоў Польшча знаходзіцца на другім месцы ў Эўропе ды на 23-ім на сьвеце. Каля 2,5 млн. чалавек ўжо залежныя ад кампутарных гульняў.

Сусьветная арганізацыя аховы здароўя ўжо нейкі час таму заўважыла праблему, а з пачаткам гэтага году яна ўнесла залежнасьць ад відэагульняў у лік псыхічных захворваньняў. Арганізацыя называе сымптомы, якія могуць сьведчыць пра залежнасьць, адзін з іх палягае на тым, што чалавек большую частку свайго дня прысьвячае на гульню. Па словах псыхоляга Анджэя Тухольскага, калі ў маладога чалавека разьвіваецца залежнасьць, ён проста ня можа расстацца са сваім пераносным кампутарам, гэта значыць, смартфонам.

А. Тухольскі: Назіраецца неабходнасьць пастаянна правяраць, што новага ў інтэрнэце, чалавек несупынна пазірае ў кампутар, у тэлефон, правярае, хто ўвайшоў на вышэйшы ўзровень, якія навінкі. Але трэба сказаць, што такія паводзіны яшчэ ня сьведчаць пра залежнасьць. Многія прадстаўнікі розных прафэсійных груп, напрыклад, выратавальнікі, мэдыкі, журналісты, павінны пастаянна быць он-лайн, паколькі гэтага патрабуе іх прафэсія. Скажам, цяпер многія дактары на дзяжурстве знаходзяцца дома, а не на працоўным месцы, а калі яны патрэбныя ў шпіталі, то іх выклікаюць на апэрацыю, на дыягностыку.

У такім выпадку як блізкія, сваякі ці сябры асобы, у якой разьвілася залежнасьць, могуць пераканацца, што сапраўды праблема ёсьць? Па словах псыхоляга, адзін з важнейшых сымптомаў – няздольнасьць адмовіцца ад кантакту з віртуальнай рэчаіснасьцю.

А. Тухольскі: Наша дзіця прачынаецца і першае, што робіць – бярэ ў рукі тэлефон, правярае, што чуваць у сацсетках, ідзе да кампутара, каб паглядзець, што зьмянілася ў гульні. Трэба сказаць, што існуюць такія дзіўныя асацыяцыі гульцоў з розных куткоў сьвету, і калі адны ідуць спаць, то іншыя пераймаюць іх ролю і гуляюць далей. Дарэчы, з гэтага ўжо створаны бізнэс, у некаторых краінах ёсьць фірмы, якія бяруць на працу гульцоў, каб яны здабывалі пункты, а кампанія на гэтым зарабляе. На базе гэтай залежнасьці ствараецца бізнэс, часта злачынны. Тым ня менш, лепш не караць дзяцей за празьмернае карыстаньне кампутарам або тэлефонам, лепш старацца разьвіваць у яго зацікаўленьне іншымі галінамі жыцьця, нават зьвязанымі з інтэрнэтам, гульнямі, каб раней ці пазьней малады чалавек заняўся чымсьці іншым.

Залежнасьць ад гульняў – гэта далёка ня новая зьява. Калісьці можна было празьмерную колькасьць часу прысьвячаць гульні ў карты або нават шахматы – распавядае Анджэй Тухольскі.

А. Тухольскі: Мой шчыры калега, з якім мы разам вучыліся ў інстытуце, калісьці выехаў на сьвяты Божага нараджэньня, а вярнуўся толькі празь месяц. Я ў яго пытаю, дзе ты так доўга быў. А ён кажа, што на вакзале сустрэў іншага чалавека з шахматамі ў руках, яны селі гуляць, прайшлі сьвяты Божага нараджэньня, Новы год... Вярнуўся пад канец студзеня.

Так што можна стаць залежным ад усяго, нават такой карыснай гульні, як шахматы. Гэта ня дзіўна, бо гульня, у тым ліку кампутарная, выклікае выдзяленьне эндарфінаў, якія называюць часам гармонамі шчасьця. Калі нешта дае задавальненьне, то чалавек пастараецца да гэтага вяртацца як мага часьцей. Сусьветная арганізацыя аховы здароўя ўдакладняе, што пра залежнасьць можна казаць тады, калі назіраюцца тры ўмовы. Па-першае, калі чалавек страчвае здольнасьць кантраляваць колькасьць часу, які ён праводзіць ля экрану. Па-другое, калі гульня становіцца самай важнай жыцьцёвай актыўнасьцю, а іншыя адыходзяць на другі плян. І па-трэцяе, калі дадзеная асоба далей будзе гуляць, нават нягледзячы на адмоўныя наступствы.

Mяжа паміж нявіннай забавай, якой можа быць кампутарная гульня і небясьпечнай залежнасьцю, даволі тонкая. Бацькі ці іншыя блізкія павінны старанна сачыць за чалавекам, у якога падазраюць залежнасьць і адпаведна рэагаваць, каб адцягнуць яго ад кампутара, тэлефона, ці нават завесьці да лекара.

І Пр. ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт